24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Rzeczpospolita: Наступная мэта Пуціна - Беларусь

17
Rzeczpospolita: Наступная мэта Пуціна - Беларусь

Лукашэнка баіцца, што пасля Украіны Беларусь будзе наступнай мэтай Расеі.

Назіраючы за падзеямі ў суседняй дзяржаве, ён раптам усвядоміў, што і ў Беларусі Масква можа прыступіць да падобнай аперацыі па «абароне рускамоўнага насельніцтва», піша газета Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).

Эмоцыі Лукашэнкі

Сваім эмоцыям Лукашэнка даў выхад у інтэрв'ю расейскаму каналу НТВ: «Уявіце сабе, як Расея будзе абараняць рускамоўных у Беларусі, калі ў нас 99% размаўляюць па-руску».

- Ён вельмі эмацыйны, часам кажа тое, што думае, - тлумачыць эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Ośrodek studiów wschodnich) Войцэх Кананьчук. - Калі казаць коратка, то бачна, што ён баіцца, скажам, за Бабруйск і Усходнюю Беларусь.

У сувязі з гэтым палітыкі і эксперты адзначаюць, што «згода з дзеяннямі Расеі ў дачыненні да Украіны з боку Лукашэнкі досыць абмежаваная». Аднак першапачаткова падзеі на Майдане беларускі кіраўнік успрыняў так, як прывык гэта рабіць: жадаючы ад суседзяў, каб яны «навялі парадак». Пералом наступіў, калі былы прэзідэнт Віктар Януковіч уцёк з краіны, а расейская армія акупавала Крым.

«Крым сёння - частка тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Можна прызнаваць гэта ці не прызнаваць, але ад гэтага нічога не зменіцца», - казаў Лукашэнка яшчэ ў сакавіку. У сваю чаргу, новыя ўкраінскія ўлады адклікалі свайго амбасадара з Менска «для кансультацый». Аднак насуперак чаканням, Лукашэнка не пакрыўдзіўся на Кіеў і не пачаў, як звычайна, публічна абражаць Кіеў.

Напэўна, можна прыняць тое, што ўвага да тэмы Крыма была «эмацыйным» выкідам або, можа, сумнай канстатацыяй таго, што раз Расея нешта ўзяла, то ўжо не аддасць. У сакавіку Лукашэнка сустрэўся з в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым. У той жа час новы ўкраінскі лідар не прызнаецца Масквой, а першая сустрэча расейскага боку з ім адбудзецца толькі 17 красавіка ў Жэневе. Сам Лукашэнка сказаў, што думае пра стаўленне Крамля да новых уладаў у Кіеве: «Я праціўнік такога падыходу: не прызнаем і ўсё».

Невядома, колькі ў гэтым палітычнай выгады (пошуку магчымай падтрымкі для сваіх намаганняў па змяншэнню залежнасці ад Масквы), а колькі сапраўднай злосці на экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Здаецца, што Лукашэнка адчуў сябе асабіста абражаным баязлівасцю былога ўкраінскага кіраўніка. Сваімі ўцёкамі Януковіч запляміў гонар усёй «карпарацыі кіраўнікоў» на постсавецкай прасторы.

Напэўна гэта і прывяло да таго, што беларускі кіраўнік неаднаразова падкрэсліваў, што ў пратэстах на Майдане была вінаватая ранейшая ўлада: яе карумпаванасць і некампетэнтнасць. Дарэчы кажучы, украінскія эксперты не сумняюцца, што ў падобнай сітуацыі Лукашэнка змагаўся б да канца нават коштам утаплення краіны ў крыві.

Калідор для Кіева

Аднак цяпер на сустрэчы з Турчынавым Лукашэнка сказаў, што з тэрыторыі яго краіны не будзе атакі на Кіеў. А адтуль Расея мае самую кароткую і простую дарогу да ўкраінскай сталіцы.

- Сёння тэрыторыя Беларусі з'яўляецца плацдармам для расейскай арміі. Калі б Пуцін даў загад аб стварэнні калідора для праходу расейскіх войскаў ва Украіну, такі калідор быў бы адразу ж створаны, - кажа Наталля Радзіна, галоўны рэдактар беларускага апазіцыйнага сайта charter97.org.

Аддаючы сабе ў гэтым справаздачу і не давяраючы Лукашэнку, украінцы ўзмацнілі войскі на поўнач ад Кіева.

- Нягледзячы на тое, што Лукашэнка кантралюе беларускія спецслужбы і МУС, ён не можа разлічваць на лаяльнасць арміі ў выпадку якога-небудзь канфлікту з Расеяй. Беларускія і расейскія афіцэры выхаваныя на тых жа прынцыпах, навучаюцца ў адных і тых жа школах, і ў іх ёсць агульныя ворагі, - канстатуе беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

Ад каго абараняцца

Тым не менш, беларускі кіраўнік аддае загады і спрабуе падрыхтавацца да абароны. Ад каго? «Толькі дурань не робіць высноваў з таго, што адбываецца вакол», - заявіў ён на пасяджэнні Савета бяспекі. «Каб не паўтарыўся сумны вопыт нашых братоў украінцаў», - дадаў ён падчас сустрэчы з кіраўнікамі абароннай прамысловасці. Апошнім ён паставіў задачу мадэрнізаваць армію, робячы акцэнт на пашырэнне супрацьпаветранай абароны, стварэнне спецыяльных, штурмавых і дэсантных сіл. Ён таксама распарадзіўся вырабляць у Оршы верталёты і самалёты ў супрацоўніцтве з украінскай авіякампаніяй Матор Січ.

- Аднак калі браць да ўвагі не словы, а дзеянні, то бачна, што Лукашэнка рашуча стаіць на баку Расеі, - падкрэслівае журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут. Напрыклад, 27 сакавіка падчас галасавання ў Генеральнай Асамблеі ААН па асуджэнні расейскай агрэсіі і анэксіі Крыма Менск прыняў бок Расеі.

Нягледзячы на гэта, Лукашэнка мітусіцца.

- Таму што ён мае велізарныя фінансавыя інтарэсы з украінскімі алігархамі, і падтрымка расейскага ўварвання паставіла б крыж на гэтых стасунках, - кажа Радзіна.

Гэта пацвярджае і Карбалевіч:

- Толькі ў 2013 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай склаў больш за 2 мільярда даляраў. Такім чынам, беларускі кіраўнік адчайна спрабуе манеўраваць.

А страх перад «новай Расеяй» вельмі моцны. Лукашэнка баіцца, што ўкраінскі сцэнар можа паўтарыцца ў Беларусі. Калі тут узнікне рэвалюцыйная сітуацыя, Расея неадкладна яго ажыццявіць.

У той жа час беларускі кіраўнік рэзка крытыкуе ідэі Расеі аб федэралізацыі Украіны. «Нельга ў такім беспарадку праводзіць нейкія рэферэндумы. Нельга», - заявіў ён у інтэрв'ю аднаму з украінскіх тэлеканалаў. Аднак цяпер расейскаму каналу ён сказаў: «Калі Расеі будзе трэба, каб мы за яе папрацавалі ва Украіне, мы будзем гэта рабіць».

- Але Лукашэнка можа хіба што прыкідвацца самастойным кіраўніком, - упэўнены першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках