У Бундэстагу патрабуюць вызваліць усіх беларускіх палітвязняў
1- 23.06.2014, 14:56
- 6,099
Збліжэнне Беларусі і ЕЗ магчымае толькі, калі ўсе палітвязні неадкладна будуць вызваленыя, заяўляюць у Бундэстагу.
У сувязі з вызваленнем праваабаронцы Алеся Бяляцкага дэпутат фракцыі зялёных у нямецкім Бундэстагу - кіраўнік партыі Катрын Гэрынг-Экарт і каардынатарка ў замежнапалітычных пытаннях Марылуіза Бэк распаўсюдзілі праз СМІ адмысловую заяву, перадае «Радыё Свабода».
Дэпутаты адзначылі, што з палёгкай успрынялі вызваленне беларускага праваабаронцы пасля больш чым 1000 дзён зняволення. Аднак заўважылі, што «пры ўсёй радасці нельга схаваць той факт, што рэжым Лукашэнкі прадаўжае сістэматычна душыць грамадзянскую супольнасць і парушаць правы чалавека», што за кратамі сядзяць іншыя палітвязні, іх рэпрэсуюць, ім пагражаюць, ад іх «патрабуюць прызнання віны і просьбаў аб памілаванні».
Як гаворыцца ў заяве, «у Беларусі практычна няма свабоды слова і свабоды прэсы. Апазіцыя бязлітасна пераследуецца або павінна знаходзіцца ў выгнанні. Сумнай практыкай сталі пакаранні невінаватых людзей».
Са слоў аўтараў заявы, Еўразвяз і нямецкі федэральны ўрад павінны выкарыстоўваць усе сродкі, каб падтрымаць палітвязняў і іхнія сем’і. Трэба таксама падтрымліваць апазіцыю і грамадзянскую супольнасць, людзей у Беларусі, каб тыя мелі свабоду перамяшчэння:
«Дыктатар Лукашэнка павінен ведаць, што збліжэнне Беларусі з ЕЗ магчымае толькі, калі ўсе палітвязні неадкладна і безумоўна будуць выпушчаныя на волю», а таксама пачнуцца «дэмакратычныя рэформы».