24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слава герою!

90
Слава герою!

Мікалаю Статкевічу - 58 гадоў.

Апошнія тры з паловай гады палітык і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года правёў за кратамі. Нягледзячы на цяжкія варункі зняволення і правакацыі з боку адміністрацыі Магілёўскай турмы, Мікалай Статкевіч не губляе бадзёрасці духу і ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і суседніх краінах.

Жонка палітвязня Марына Адамовіч распавяла сайту charter97.org пра варункі ўтрымання свайго мужа.

- На жаль, навін трохі, бо ягоныя лісты рэгулярна канфіскоўваюць. Надоечы Мікалая Статкевіча наведаў адвакат, і такая-сякая інфармацыя ўсё ж ёсць. Ён не скардзіўся ні на здароўе, ні на што іншае, акрамя, вядома, канфіскацыі лістоў. Далей займацца спортам. Вельмі цікавіцца падзеямі ва Ўкраіне і шмат піша і пра іх, і пра падзеі, звязаныя з фактычным разбурэннем сусветнай сістэмы бяспекі. Нягледзячы на ізаляцыю, ён мае яснае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў навакольных краінах.

Што да лістоў, то ў лепшым выпадку, я атрымліваю іх праз адзін. Аднак ёсць і добрая навіна: з сярэдзіны ліпеня ўпершыню за летні час з'явілася хоць нейкая гародніна. Зняволеным пачалі выдаваць бігас. Ён нават гаварыў пра салёныя агуркі. Я думала, што гэта было адзін раз - магчыма чакалі каго-небудзь, але потым стала вядома, што такая традыцыя прадоўжылася. Тыя, хто сядзеў у турме, ведаюць, наколькі гэта важна. Так што нездарма прайшлі гэтыя гады: маленькімі крокамі атрымоўваецца палепшыць сітуацыю з вязнямі.

- Апошнія тыдні ў Беларусі было вельмі горача. Як такое надвор'е пераносіцца ў турме?

- Я спецыяльна спыталася ў яго пра гэта, бо сама трывожылася. Вокны ягонай цэлі выходзяць у двор, на паўночны бок, аднак яна знаходзіцца на верхнім паверсе. Напэўна, там няма гарышча, таму памяшканне вельмі моцна награваецца. Мікалай піша, што жару пераносіць нармальна, часцей абліваецца халоднай вадой.

- Мікалай Статкевіч па-ранейшаму знаходзіцца ў адзіночнай камеры?

- Так, ён ужо паўгода ў адзіночнай камеры - з канца студзеня - і застанецца ў ёй да канца турэмнага тэрміну. Згодна з правіламі, яго не могуць без ягонай згоды і жадання перавесці ў агульную камеру. 12 студзеня ў яго сканчаюцца тры гады турэмнага тэрміну і, калі ніякіх дадатковых абставінаў не паўстане, то яго павінны этапаваць у калонію, дзе застанецца правесці яшчэ два гады.

- Вы сказалі, што Мікалай Статкевіч ведае пра тое, што адбываецца ў свеце, ва Украіне. Ці ёсць у яго інфармацыя пра падзеі ў Беларусі?

- Вядома. Ён рэагуе на ўсё хутка і востра, але, самі разумееце, што даходзіць гэтая інфармацыя з турмы на волю са спазненнем. Мікалай Статкевіч ведае аб вызваленні Алеся Бяляцкага, прасіў перадаць яму словы падтрымкі. Ён вельмі рады быў даведацца пра гэта. Што да сітуацыі ў краіне, то Мікалай вельмі занепакоены тым, што 2015 можа быць выкарыстаны Пуціным для рэваншысцкіх планаў у дачыненні да Беларусі.

- Што б вы пажадалі свайму мужу ў дзень нараджэння?

- Волі. Вядома, волі. Праўда я павінна сказаць, што няма больш вольнага чалавека, чым Мікалай у турме, але, вядома вельмі хочацца, каб ён фізічна быў на волі.

Сайт charter97.org далучаецца да віншаванняў і зычыць Мікалаю Статкевічу хутчэйшага выхаду на волю.

***

Мікалай Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна Менскай вобласці. Скончыў Менскую вышэйшую інжынерную зенітна-ракетную вучэльню (МВІЗРВ) СПА. Абараніў кандыдацкую дысертацыю і выкладаў у МВІЗРВ. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. 20 жніўня 1991 г публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах у 2010 годзе. Яго арыштавалі пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Тады былі арыштаваныя больш за 700 удзельнікаў акцыі пратэсту, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Алеся Міхалевіча і чальцоў іх выбарчых штабоў.

26 траўня 2011 года палітык быў асуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У 2012 годзе ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія. Яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 Магілёва.

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках