Пскоўскія дэсантнікі адправіліся ў Данбас пасля параду ў Менску
117- 23.08.2014, 21:50
- 181,892
Байцы адэскага батальёна МУС «Шторм» на Данбасе ўступілі ў бой з дэсантнікамі з Пскова.
Менавіта дэсантнікі пскоўскай дывізіі ўдзельнічалі ў парадзе ў Мінску 3 ліпеня, нагадвае «Наша Нiва».
Бой адбыўся каля паселішча Георгіеўка, што пад Луганскам. Hromadske TV паведамляе, што расейскія дэсантнікі напалі на два ўкраінскія блок-пасты. Аднак украінскія вайскоўцы пры дапамозе артылерыі і авіяцыі адбілі атаку і пайшлі ў контрнаступ, захапілі дзве расейскія баявыя машыны дэсанту і падбілі адзін танк. У палон трапілі некалькі нападнікаў.
Жаўнеры ўкраінскага войска дэманструюць цэшкі дэсантнікаў пскоўскай дывізіі і сцвярджаюць, што знайшлі дзённік расейскага салдата. «Яны былі на парадзе ў Беларусі, потым падпісалі ўсе кантракт. Яны разумеюць, што ваююць ва Украіне», - кажа адзін з украінскіх жаўнераў, якія абаранялі блок-пост.
Пскоўскія дэсантнікі - гэта «зялёныя чалавечкі», якія акупавалі Крым і выціснулі адтуль украінскае войска. У жніўні міністр абароны Расеі ўзнагародзіў дывізію ПДВ ордэнам Суворава «за выкананне спецзадач у Крыме».