АДКБ гатовая адправіць «міратворцаў» ва Украіну
54- 29.08.2014, 13:37
- 36,238
Прыняць пастанову аб гэтым можа Савет калектыўнай бяспекі.
«Міратворчыя» сілы АДКБ (Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы) гатовыя адправіцца ва Украіну. Пра гэта заявіў у пятніцу РІА «Новости» генеральны сакратар арганізацыі Мікалай Бардзюжа.
«Міратворчыя сілы АДКБ сфармаваныя некалькі гадоў таму, прайшлі баявое зладжванне. Вайскоўцы, якія ўваходзяць у іх склад, добра падрыхтаваныя ў індывідуальным плане, аснашчаны ўсім неабходным узбраеннем і тэхнічнымі сродкамі. Іх здольнасць развязваць міратворчыя задачы, у тым ліку ў складзе калектыўных сіл, знаходзіцца на высокім узроўні. Можна канстатаваць, што яны гатовыя да ўдзелу ў міратворчых аперацыях усякай складанасці, што яшчэ раз было пацверджана вынікамі нядаўніх сумесных вучэнняў на тэрыторыі Кыргызскай Рэспублікі», - сказаў Мікалай Бардзюжа, адказваючы на пытанне пра магчымасць выкарыстоўваць міратворцаў АДКБ на ўсходзе Украіны.
Ён падкрэсліў, што магчымасць прымянення міратворчых сіл АДКБ з'яўляецца прэрагатывай Савета калектыўнай бяспекі арганізацыі, вышэйшага органа арганізацыі, які складаецца з кіраўнікоў дзяржаў-членаў. Паводле іх сумеснай пастановы ў адпаведнасці з існуючымі дамовамі міратворчыя сілы могуць быць разгорнутыя як на тэрыторыі дзяржаў-членаў, так і за яе межамі.
Нагадаем, 4 лютага 2009 года ўдзельнікі АДКБ узгаднілі і падпісалі праект пастановы ў стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. Іх мяркуецца выкарыстаць для «прыпынення ваеннай агрэсіі, правядзення спецыяльных аперацый у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. Апазіцыйныя лідары Беларусі першапачаткова асуджалі падпісанне дамовы аб стварэнні КСАР АДКБ, і называлі іх карнымі сіламі, якія будуць абараняць дыктатараў СНД. Стварэнне гэтых сіл супярэчаць нейтральнаму статусу Беларусі і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.