24 лiстапада 2024, Нядзеля, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперымент: колькі даляраў можна купіць у Менску за гадзіну?

39
Эксперымент: колькі даляраў можна купіць у Менску за гадзіну?

Купля валюты апошнімі днямі ператварылася ў сапраўдны квэст.

Каб сабраць нейкую суму ў далярах ці еўра, напрыклад, на замежную паездку або аплату кватэры, прыходзіцца абыходзіць дзесяткі абменнікаў. Самыя перспектыўныя - у гандлёвых цэнтрах і буйных крамах. Таму кіруюся ў мінскі ГУМ. Там высвятляецца, што такіх, як я, шмат, і да касы «Белінвестбанка» ужо стаіць прыстойная чарга з жадаючых набыць замежныя грошы. Той, хто здае, ветліва прапускаецца да акенца. Схема выглядае наступным чынам: купляеш толькі тое, што здаюць. Адпаведна, чарга рухаецца павольна. Да таго ж, калі не хапае да жаданай сумы - стаіш далей.

Журналіст «Еўрарадыё» распавёў пра свае прыгоды падчас куплі валюты ўчора ў Менску:

14:25. Займаю чаргу ў абменнік «Белінвестбанка», што ў сталічным ГУМе, каб купіць валюту. Перада мной стаіць восем чалавек, я дзевяты. Тыя, хто здае, падыходзіць да чароўнага акенца без чаргі.

«Іду ў кавярню, таму патрэбныя грошы», - усміхаецца ветлівая Таццяна. Яна здае 50 даляраў. Цікаўлюся, адкуль у яе даляры ў няпросты час, калі іх так цяжка купіць. «Штосьці было ў запасах, штосьці куплялі, штосьці зарабілі, карацей, усё гарманічна, без усялякай мітусні», - працягвае дзяўчына.

50-ачку з радасцю выкупляе пенсіянерка, цяпер у яе ў суме 200 даляраў, і яна спакойна можа ісці дадому, а я пераходжу на 7-е месца.

«Купляем, таму што беларускі рубель падае ў сваім рэальным кошце, таму па кропельцы, па кропельцы, збіраю на выпадак хваробы ці, не дай Бог, сыходу з жыцця. Але я не адна. Калі б я была адна, я б не змагла купіць гэтыя даляры. Але я пакуль што з мужам, таму яшчэ неяк можна нешта сабе дазволіць адкласці», - тлумачыць жанчына сваю цягу да замежнай валюты.

Да нашай чаргі пастаянна падыходзяць людзі. Акругляючы вочы, гледзячы на табло з новенькімі чырвонымі лічбамі, яны тэлефануюць родным з навіной: курс вырас і выраўняўся - можна здаваць!!!

«Заробак, які атрымала, растае на вачах не проста кожны дзень, а кожную гадзіну. Разумееш, што тое, што зарабіў, пойдзе зусім не на тое, што ты запланаваў», - Кажа Лілія, якая займае чаргу за мной і хоча набыць даляраў 300-400.

Да гэтага часу жанчына стаяла ў двух чэргах, але перад ёй забіралі ўсё, што здавалі - нават 700 даляраў!

За мной займаюць чаргу яшчэ чалавек пяць, камунікабельная Марыя распавядае, што ў яе невялікая фірма і стаіць за далярамі, каб выплаціць заробкі свайму работніку, з якім заключаны дагавор аб разліку толькі далярамі. Хлопец, на выгляд гадоў 18-ці, здымае кватэру за 350 даляраў. Хоча купіць хоць колькі, але не вытрымлівае і збягае на пары.

14:40. Мая чарга набліжаецца. «Навошта вам усім даляры?» – уплывае ў чаргу высокі вясёлы мужчына ў акулярах, маўляў, я тут здаваць сабраўся. Чаргу адказвае пытаннем на пытанне: «А навошта вы здаяце?»

«Беларускі рубель - законны плацёжны сродак!» - выдае весялун і сыходзіць, таму што ў абменніку здачы не даюць, а ён з соткі хоча здаць ўсяго 20 даляраў.

14:51. На акенцы з'яўляецца подлая шыльда «Тэхнічны перапынак». Перада мной 2 чалавекі: пенсіянерка, якая прама ў чарзе адзначае свой Дзень нараджэння, і мужчына гадоў сарака, які палюе выключна на еўра. Цікаўлюся, навошта яму менавіта еўра:

«На адпачынак у Італію, планую на лета. Гэта першая спроба купіць еўра, але вы бачыце, менавіта іх здаюць слаба».

Падчас перапынку да нашай чаргі падыходзяць дзядулі, якія распавядаюць, дзе можна лёгка купіць любую валюту.

- У банку ў «Сталіцы» я ўчора 200 узяў без праблем. Проста трэба ўзяць талончык у аўтамаце і чакаць.

- Не падманвайце. Я толькі што адтуль - пуста там! - перабіла дзядулю дзяўчына і звяртаецца да нашай чаргі: «Вы чаго тут стаіце?»

- Хочам купіць валюту, - дружна адказваем мы.

- Дык вы валютчыкі?

- Што вы!? - рагачу невялікай кампаніяй. - Тут жа паўсюль камеры!

Другі дзед паведамляе, што ў «Франсабанку» і «Абсалютбанку» на станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» валюта ў вольным доступе - бяры, колькі хочаш. Але мае суседзі па чарзе ўздыхаюць: «Ой, далёка туды ехаць».

15.15. Да акенца пацягнуліся жадаючыя здаць запаветную валюту.

- Колькі? 40 еўра? Бяру, - уздыхае мужчына, які збіраецца ў Італію.

- 100 даляраў? Здачы няма? Тады бярыце вы, - саступае мне месца жанчына-імянінніца, якой яшчэ да перапынку дасталося 120 даляраў і да поўнага шчасця заставалася яшчэ 30.

Я радасна забіраю сваю сотку, выклаўшы мільён пяцьсот трыццаць тысяч рублёў. Разагнацца ў куплі валюты мне атрымоўваецца да хуткасці 100 д/ч. Гэта значыць сто даляраў у гадзіну!

Фота: tut.by

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках