Барыс Нямцоў: Пакуль нафта таннейшая за $100, новых войнаў РФ весці не будзе
3- 18.01.2015, 16:14
- 25,466
Паміж коштам нафты і агрэсіяй Масквы ёсць наўпроставая залежнасць.
Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» расейскі палітык Барыс Нямцоў.
«На каго акрамя Украіны можа яшчэ напасці Пуцін? Гэтае пытанне даволі папулярнае і ў рэспубліках былога СССР і ў Еўропе. Яно цікавіць беларусаў, казахаў, армянаў, грузінаў, усіх, - піша ён. - Адказ дае гісторыя СССР і Расеі апошніх 50 гадоў. Усе войны апошніх гадоў пачыналіся, калі нафта была даражэйшая за $100 (глядзіце табліцу) У 1979 годзе - вайна ў Афганістане - нафта ў далярах 2013 была даражэйшай за 100. Жнівень 2008 - вайна з Грузіяй - нафта даражэйшая за 100. Крызіс пачаўся крыху пазней і кошт абрынуўся».
Барыс Нямцоў нагадвае, што анэксія Крыма і пачатак баёў на Данбасе таксама адбыліся, калі нафта каштавала даражэй за $100.
«Цікава, што ва ўсіх выпадках пасля пачатку войнаў кошт нафты пачынаў зніжацца, - адзначае ён. - У выпадку вайны з Грузіяй гэта не мела значэння праз хуткаплыннасць баявых дзеянняў, а для Афганістана і Украіны гэта мае вялікае значэнне. Зніжэнне кошту нафты прычынілася да вываду войскаў з Афганістану ў 89 годзе. Тое ж адбудзецца і з Украінай, а вось калі - гэта ад украінцаў залежыць не менш, чым ад кошту нафты.
Галоўная выснова - пакуль нафта таннейшая за 100 даляраў, новых войнаў Расея весці не будзе».