Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» абвясціў сухую галадоўку ў турме
13- 26.01.2015, 17:46
- 20,465
Апазіцыянер пратэстуе супраць несправядлівага прысуду.
Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі з 26 студзеня пачаў сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць прысуду, вынесенага 23 студзеня судом Цэнтральнага раёна Менска. Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала актывіста адміністратыўным арыштам на 15 дзён за ўдзел ва ўвекавечанні памяці герояў «Нябеснай сотні» ля помніка Тарасу Шаўчэнку.
Нагадаем, 22 студзеня ўвечары прыкладна 15 чалавек запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку недалёка ад амбасады Украіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя АМАПам адразу пасля акцыі і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы. У дачыненні да некаторых удзельнікаў з боку праваахоўнікаў ужывалася фізічная сіла. На другі дзень пяцёх актывістаў прысудзілі да арыштаў, а Ніну Багінскую да штрафу.
Максім Вінярскі неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі падчас і напярэдадні афіцыйна дазволеных акцый дэмакратычнай грамадскасці, адбываў арышты. У красавіку 2014 ён таксама доўгі час трымаў сухую галадоўку.