Зміцер Бандарэнка: Не гуляйце ў небяспечныя фінансавыя гульні
6- 28.01.2015, 18:00
- 51,290
Прадаўжаецца абвальванне фінансавай піраміды Лукашэнкі.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў charter97.org інфармацыю пра тое, што нерэзідэнты вывелі з беларускіх банкаў $844,3 мільёна.
«Гэтыя звесткі вельмі паказальныя, - заявіў ён. - Яны з'яўляюцца следствам фінансавага становішча банкаўскай сістэмы Беларусі і падзення фінансавай піраміды, якую Лукашэнка будаваў цягам некалькіх гадоў. Увесь гэты час у краіне практычна не расце ВУП. У многіх галінах назіраецца падзенне вытворчасці.
Разам з гэтым да кастрычніка 2014 года ў краіне быў рост паступленняў сродкаў нерэзідэнтаў, а таксама павелічэнне размяшчэння валютных і рублёвых укладаў у банках грамадзянамі Беларусі. Але, як дакладна сказаў вядомы Сяргей Маўродзі, у будаўніцтве фінансавых пірамід Лукашэнка з'яўляецца ўсяго толькі ягоным вучнем. Вяртанне сродкаў і выплата дывідэндаў у фінансавай пірамідзе забяспечваецца паводле прынцыпу «папярэднім за кошт наступных».
Варта было беларускім грамадзянам і нерэзідэнтам паказаць фінансавую разважнасць і пачаць вяртанне сваіх грошай з беларускіх банкаў у лістападзе-снежні мінулага года, улады тут жа былі вымушаныя правесці 40-адсодкавую дэвальвацыю і для падтрымання цікавасці да піраміды зноў павысіць стаўку дэпазітаў да 50 і вышэй адсоткаў . Падзенне фінансавай піраміды на час замарудзілася, але паскорылася падзенне эканомікі, бо немагчыма якімсьці чынам развівацца беларускім прадпрыемствам, калі стаўкі крэдытаў перасягаюць 50 адсодкаў.
Бяда ў тым, што свой запал да азартных гульняў Лукашэнка забяспечвае за кошт грамадзян. У 2011 годзе яму давялося цалкам прадаць «Белтрансгаз», які з'яўляецца агульнанацыянальным здабыткам. Але для ўсіх гульцоў - і дзяржаўных, і індывідуальных - імкненне гуляць у небяспечныя фінансавыя гульні прыводзіць да жаласных вынікаў, калі даводзіцца распрадаваць маёмасць - ці сваёй сям'і, або, у нашым выпадку, агульнадзяржаўную ўласнасць.
Зараз прадаваць практычна няма чаго, ды і пакупнікоў ва ўмовах самага сур'ёзнага з пачатку 90-тых гадоў рэгіянальнага крызісу ў сутнасці няма. Таму я б параіў у першую чаргу беларускім грамадзянам добра ўзважыць перспектывы «прымнажэння» ўласных грошай у беларускай фінансавай пірамідзе, гэта значыць у беларускіх банках».