Кошты ў Беларусі будуць такімі ж, як у Расеі
43- 29.01.2015, 17:11
- 36,783
Беларусь вымушаная трымаць парытэт коштаў з Расеяй.
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня ў Менску.
"Мы падтрымліваем парытэт коштаў, але ледзь-ледзь каб танней было ў нас", - растлумачыў Лукашэнка на пытанне расейскага журналіста, паведамляе БелаПАН.
"У вас у Расеі гэта немагчыма зрабіць, хоць вы цяпер і стараецеся неяк кантраляваць кошты... Вы не здольныя кантраляваць кошты, бо ў вас няма рычагоў і такіх структур. Вы іх ліквідавалі, бо ў вас такая рынкавая эканоміка. Мы можам кантраляваць кошты аж да сельскай крамы", - адзначыў правадыр.
Лукашэнка сказаў, што калі ў Беларусі і былі кошты вышэйшыя, чым у Расеі, то гэта было зроблена наўмысна: "Мы наўмысна ўтрымлівалі такія кошты, каб не было вывазу".
Пры гэтым, мяркуе беларускі дыктатар, нельга дапусціць вымывання тавараў. "Няхай будзе даражэй, але будзе на прылаўках. Нельга дапусціць таго, каб у барацьбе з таннасцю мы наогул страцілі тавары па ўсялякім кошце, - сказаў ён. - А што тычыцца Беларусі і Расеі, то тут мы стараемся трымаць кошты на ўзроўні. Будуць кошты ў нас ніжэйшыя - тавар вывезуць, будуць вышэйшыя - нашы паедуць да вас за таварам".
Лукашэнка таксама сказаў, што ва Украіне кошты ніжэйшыя за беларускія "не таму, што яны такія багатыя або вырабляюць шмат". "Украіна ізаляваная, Расея наклала пэўныя забароны. Ва Украіне ўтварылася празмернасць прадукцыі, якая не паступае на іншыя рынкі. І другое: Украіна ад нас адстае ў сярэднім заробку ў тры разы, ад Расеі, напэўна, у 10 разоў", - адзначыў ён.