24 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч у калоніі пераведзены ў атрад

11
Мікалай Статкевіч у калоніі пераведзены ў атрад

Палітвязень пераведзены з карантыну Шклоўскай калоніі №17 у атрад.

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч, піша statkevich.org.

- Мікалай патэлефанаваў, паведаміў, што на гэтым тыдні быў пераведзены з карантыну ў атрад №1, - «прыдворны», як ён сказаў, так як атрад знаходзіцца ў тым жа будынку, што і штаб, - распавяла яна. - Адпаведна, ён досыць адасоблены ад іншых атрадаў у калоніі. Гэта зроблена, думаю, спецыяльна, каб як мага больш ізаляваць Мікалая ад іншых зняволеных. Бо яшчэ ў карантыне яму абмяжоўвалі магчымасць кантактаў, выпускалі толькі ў сталовую і на праверкі, хоць, па першым прыездзе сюды яму можна было яшчэ шпацыраваць па лакальным участку карантыну. Сам Мікалай жартуе, што тады лета было, а цяпер холадна, і яго берагуць.

Палітвязьню катэгарычна адмовілі ў пераводзе ў працоўны атрад, як гэта было раней - 3,5 гады таму, хоць ён прасіў аб гэтым.

- Гэты атрад, з ягоных слоў, моцна адрозніваецца ад былога: тут зроблены рамонт, стаіць новае абсталяванне і сантэхніка, а не «дзірка ў падлозе», як там, хоць усе зняволеныя знаходзяцца ў адным памяшканні. Таксама ён заўважыў нязначнае паляпшэнне ў харчаванні, але яно «не дацягвае нават да турэмнага».

Мікалай сказаў, што радуецца любой магчымасці дыхаць свежым паветрам пасля трох гадоў турмы. Аднак, па-ранейшаму ён знаходзіцца ў інфармацыйнай ізаляцыі: яму не далі магчымасці падпісацца на газеты. У студзені ў турме адмовілі ў сувязі з пераводам у калонію праз неабходнасць пераадрасацыі. Ужо ў калоніі спачатку сказалі, што можна падпісаць з «волі», як і раней усё было. Але перад самым званком дадому, сказалі, што падпісацца можна толькі на месцы і толькі раз у квартал. Адразу пасля званка зноў высветлілася, што падпісаць яго магу і я. Але час ужо мінуўся... Таму і ў лютым Мікалай не зможа атрымліваць газеты. Газету ж «Новы час», падпіска на якую аформленая праз рэдакцыю і якую яму дасылаюць рэгулярна ўжо паводле новага адрасу, Мікалаю так ні разу і не аддалі, - распавяла Марына Адамовіч.

Нагадаем, у траўні 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прысудзіў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі ў абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Першапачаткова апазіцыйны палітык утрымліваўся ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання, перавядучы на тры гады ў магілёўскую турму №4. Гэты тэрмін скончыўся 12 студзеня.

58-гадовы Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках