25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расколіны ў імперскай мары Пуціна

12
Расколіны ў імперскай мары Пуціна

Еўразійскі саюз разглядаўся як платформа для вяртання Расеі статусу глабальнай сілы, але цяпер гэта не больш, чым фантазія.

Супрацьстаянне Масквы з Захадам праз Украіну і падзенне курсу рубля дэманструюць, што ў падмурку мары Уладзіміра Пуціна аб стварэнні моцнай еўразійскай эканамічнай сілы з'явіліся расколіны, мяркуе аглядальнік Кэтрын Хіл з Financial Times.

Праз тры гады пасля таго як Расея, Беларусь і Казахстан адмовіліся ад кантролю на сваіх межах для больш эфектыўнага вядзення бізнэсу паміж сабой, на беларускую КПП "Чырвоная горка" на мяжы з Расеяй вярнуліся мытнікі. Яны старанна правяраюць амаль усе транспартныя сродкі, паведамляе BBC.

"Гэтага не павінна было здарыцца. 1 студзеня ўвайшоў у дзеянне дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), які павінен аб'яднаць тры дзяржавы ў рэгіянальны клуб з агульным рынкам, а пасля і з агульнай валютай. Сёлета да саюза далучацца Арменія і Кыргызстан, але Расея спадзяецца, што ў канчатковым рахунку да яго далучацца ўсе рэспублікі былога СССР, што атрымалі незалежнасць", - піша аглядальнік.

Многія расейцы разглядаюць ЕАЭС як асноўны сродак для вяртання былой велічы. Але, як сказаў у інтэрв'ю FT неназваны дыпламат, які прадстаўляе ў Маскве адну з дзяржаў Усходняй Еўропы, планы па пашырэнні блока відавочныя - з іх дапамогай Пуцін хоча адрадзіць для сябе імперыю.

Аднак апошнім часам Беларусь, якая з'яўляецца адным з асноўных партнёраў Расеі па ЕАЭС, не толькі вярнула пагранічны кантроль, але таксама заявіла пра намер вярнуць узаемаразлік паміж краінамі ў далярах, а не ў рублях. На думку расейскіх экспертаў, цяперашняе развіццё сітуацыі можа паставіць пад удар рэгіянальную інтэграцыю, паведамляе газета.

Адзначаецца, што, нягледзячы на тое што Пуціна ўважаюць лідэрам, які здолеў вярнуць павагу і славу Расеі ў свеце, праз ягоную палітыку летась Расея апынулася практычна ў ізаляцыі. Але Захаду і суседзям Расеі наўрад ці варта радавацца. Існуе меркаванне, што калі Пуцін адчуе сябе прыціснутым да сценкі, паводзіны Расеі могуць стаць больш небяспечнымі.

Дыпламатычная крыніца FT сказала: "Еўразійскі саюз разглядаўся як платформа для вяртання Расеі статусу глабальнай сілы, але цяпер гэта не больш, чым фантазія".

Фота: Getty Images

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках