24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць палітвязня Рубцова рыхтуюць новую крымінальную справу

26
Супраць палітвязня Рубцова рыхтуюць новую крымінальную справу

Юрыя Рубцова выклікалі на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта ў Пружанах.

Там склалі паперу, што палітвязень адмовіўся даваць тлумачэнні. Юрый Рубцоў сказаў, што яму не давалі ніякіх папер для азнаямлення, але заявілі аб тым, што ён нібыта абразіў начальніка атрада, паведамляе «Радыё Свабода».

«Відаць, камусьці наверсе не вельмі падабаецца, што са мной ёсць сувязь. І, магчыма, хочуць мяне «закрыць». Напісалі, што я нібыта абразіў начальніка атрада. Калі абразай уважаецца тое, што чалавеку сказалі ў вочы, што ён нягоднік, то я гэта сказаў. Бо начальнік атрада абяцаў, але дагэтуль не выдаў мне копій патрэбных дакументаў. Я яму сказаў, што калі ты нягоднік, то я з табой наогул размаўляць не хачу. Вось за тое, што я яму сказаў «нягоднік», пачынаюць крымінальную справу», - распавёў Юрый Рубцоў, вярнуўшыся з допыту.

Са слоў палітвязня, ніякіх дакументаў для азнаямлення ў Следчым камітэце яму не прадставілі.

«Мяркуйце самі: чалавек абяцае рабіць адно - і не робіць, - кажа ён. - Я прасіў азнаёміцца з дакументам, які прадугледжвае не толькі мае абавязкі, але і правы. Ён паабяцаў, але не зрабіў. У прысутнасці зняволеных я спытаў, ці верыць ён Лукашэнку, што ў нас заробак 600 даляраў. Ён сказаў, што верыць. Тады, кажу, шукайце мне такую працу. Таксама ён даў мне для азнаямлення пастанову старшыні Менскага гарсуда, я папрасіў зрабіць копію. Але копію дагэтуль начальнік не зрабіў. Ну як можна называць такога чалавека?»

Таксама Юрый Рубцоў расказаў, што яму не далі кнігу скаргаў і прапаноў на той падставе, што ён зняволены.

«Але вязень - не азначае, што пазбаўлены ўсіх правоў, - сказаў ён. - Я пазбаўлены свабоды перамяшчэння, але не сваіх правоў. Але на той падставе, што я зняволены, мне не даюць кнігу скаргаў. Ім не падабаюцца такія мае паводзіны. Таму мяне хочуць ізаляваць, каб у мяне не было сувязі са знешнім светам.

Людзі дзякуючы мне пачалі адчуваць сябе больш свабодна і разумець, што такое годнасць. Цяпер пачалі адмаўляцца прыбіраць ў міліцыянтаў дзяжурнае памяшканне, а ім гэта не падабаецца. Але, прабачце, кожны чалавек сам сочыць за чысцінёй свайго працоўнага месца, і зняволеныя не павінны прыбіраць памяшканне міліцыі. А яны кажуць - маўляў, 30 гадоў ім прыбіралі і цяпер будуць прыбіраць. Вось адсюль непрыязнасць да мяне - таму што я ім парушыў усю сістэму прыніжэння, якую яны выбудавалі. Яны не разумеюць, што праца - гэта не абавязак, а права чалавека. Я як быццам не маю права паводле інструкцыі адмовіцца ад той працы, на якую мяне накіроўваюць. Але я не абавязаны падпісваць працоўную дамову. А без яе ні адзін наймальнік не дасць мне працу.

У Канстытуцыі напісана аб праве на працу, а тут замянілі на абавязак. Тут ёсць супярэчнасць у заканадаўстве, і я патрабую, каб гэта змянілі. Але мне пішуць адпіскі, што гэта адпавядае закону».

Юрый Рубцоў таксама распавёў, што яму далі два папярэджанні нібыта за адмову ад працы.

«Хоць я адмаўляўся не ад працы, а ад нізкага заробку за яе. І яны гэта хочуць трансфармаваць ва ўхіленне ад адбыцця тэрміну пакарання. Гэта трызненне чыстай вады, і я не магу зразумець гэтую логіку і сэнс. Канстытуцыйнага права на працу мяне ніхто не пазбаўляў. Гэта права, а не абавязак. Гэта не адно і тое ж. Але гэтага яны зразумець не могуць», - сказаў ён.

У кастрычніку 2014 суддзя Цэнтральнага суду Менску Наталля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова адным з паловай гадоў «хіміі» за абразу суддзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясной - пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях - 2014». Рубцоў быў на шэсці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезлі ў суд у адных штанах. Калі Кірыл Палулех пачаў працэс над Юрыем Рубцовым у такім выглядзе, той, са слоў суддзі, назваў яго «падонкам».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках