25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Чаму нафта застанецца таннай?

1
Forbes: Чаму нафта застанецца таннай?

Спрыяльная сітуацыя з бюджэтным дэфіцытам у ЗША не дазваляе спадзявацца найбліжэйшыя два гады на рост нафтавага кошту.

Сённяшнія «амэрыканскія горкі» на рынку нафты могуць мець розныя тлумачэнні - геапалітыка, «сланцавая нафта», «гамаванне» Кітая, гульні на рынку нафтавых вытворных, - і кожнае з гэтых тлумачэнняў з'яўляецца справядлівым у сваёй частцы. Але не варта забываць, што ў 2014 годзе амэрыканскі даляр заняў першае месца ў свеце ў тэмпах умацавання і нашмат абагнаў усе асноўныя сусветныя валюты, а таксама срэбра і золата, піша Forbes.

Кошт кожнага актыву на рынку вызначаецца балансам попыту і прапановы. У якасці базавага закона рынку гэтае правіла не падпадае пад паняверку, нягледзячы на манапалізацыю, маніпуляцыі і ўмяшанне дзяржавы ў рэгуляванне.

Тым не менш існуе яшчэ адзін чыннік рынкавага коштаўтварэння, які, магчыма, грае ў цяперашніх варунках ролю нават большую, чым попыт і прапанова на рынку рэальнага тавару. Гэты чыннік - вымярэнне маштабу кошту, а дакладней, выкарыстанне той ці іншай валюты для выяўлення кошту тавару або паслугі.

Іншымі словамі, у падзенні кошту нафты ёсць вельмі вялікая дзель «проста» павелічэння кошту даляра ў дачыненні да іншых валют і тавараў, а таксама «эфэкту спекуляцый» на рынку вытворных інструмэнтаў, прадаваных за даляры.

Даляр і нафта

Калі мы параўнаем змены індэкса даляра і кошт нафты (гл. мал.1), то ўбачым, што, пачынаючы з 2001-2002 года, гэтыя два паказчыкі паводзяць сябе вельмі сінхронна - калі даляр расце, нафта падае, і наадварот.

Пры гэтым маштабы ваганняў нафты складаюць ± 80%, а індэкса даляра - ± 20%. Такі роскід тлумачыцца тым, што нафта за апошнія 15-20 гадоў ператварылася з «проста» сыравіннага тавару ў актыўна прадаваны фінансавы інструмэнт, для якога «плячо 1:4» з'яўляецца цалкам звыклым і тлумачыцца тым, што значныя прадаваныя аб'ёмы нафты маюць «віртуальную» прыроду і пададзеныя ў выглядзе ф'ючэрсных кантрактаў.

Гэткае параўнанне даляра з іншымі сыравіннымі таварамі (перш за ўсё металамі і збожжам) паказвае, што іх кошт пачаў падаць раней (2011-2012 гады) і толькі нафта «трымалася» досыць доўга. Але ў сярэдзіне 2014 года і яна «здалася» пад націскам умацавання даляра.

Узнікае заканамернае пытанне - як доўга будзе трываць працэс умацавання даляра і калі можа пачаць расці кошт нафты?

Даляр, бюджэт ЗША і стаўка ФРС

Перш за ўсё, паспрабуем адказаць на пытанне, ад чаго залежыць рост/падзенне даляра?

Апошнія 25 гадоў адным з галоўных рухавікоў індэкса даляра быў стан амэрыканскага бюджэту, а менавіта сума яго дэфіцыту або прафіцыту (гл. мал.2).

Яскрава выяўленыя перыяды прэзідэнцтва:

- Біла Клінтана (1993-2000) - дэфіцыт зніжаецца і пераходзіць у прафіцыт, даляр расце;

- Джорджа Буша (2001-2008) - расце дэфіцыт, даляр падае;

- Барака Абамы (з 2009 года) - дэфіцыт зніжаецца, даляр расце.

На кантрасце са збалансаваным бюджэтам у часы Клінтана, пасля 2001 (перш за ўсё, у сувязі з падзеямі 11 верасня) за Бушам хуткімі тэмпамі нарастае сума дзяржаўнай запазычанасці. Выратаванне амэрыканскай эканомікі пасля крызісу 2007-2008 гадоў таксама не абышлося без істотных бюджэтных выдаткаў. Цяпер, нягледзячы на намаганні Абамы, агульная завінавачанасць скарбніцы перасягае 100% УБП.

Такую суму запазычанасці вельмі цяжка абслугоўваць нават пры параўнальна невысокіх (4-5%) стаўках, і з прычыны росту сумы завінавачанасці ў ФРС не застаецца выйсця, акрамя як зніжаць стаўкі. Тое, як ФРС дапамагае амэрыканскаму бюджэту, добра відаць на мал.3. Штогадовыя выплаты для абслугоўвання дзяржаўнай запазычанасці растуць або зніжаюцца ў залежнасці ад змены стаўкі, якая ўстанаўляецца ФРС. Апошнія 35 гадоў гэтая стаўка няўхільна зніжаецца (хоць і не без «адскокаў»), а з 2008 года яна «апушчаная» практычна да 0%, што вельмі моцна палягчае ўраду ЗША абслугоўванне вельмі вялікай (больш за 100% УБП) дзяржаўнай завінавачанасці.

Калі можна чакаць «развароту» даляра і нафты?

З таго, што было пададзена вышэй, вынікае, што змена трэнду кошту нафты шчыльна звязаная са зменай стану бюджэту ЗША, перш за ўсё, яго дэфіцыту. Які, у сваю чаргу, знаходзіцца ў вялікай залежнасці ад узроўню ключавой стаўкі. Бюджэт 2015 лепшы за бюджэт 2014-га, а бюджэт 2016-га прагназуецца лепшым, чым у 2015-м. Але ўжо пачынаючы з 2017 года прагназуецца павольнае пагаршэнне. Падвышэнне стаўкі ФРС, чаканае ў другой палове гэтага года, бюджэтную сітуацыю будзе толькі ўскладняць, павялічваючы адсоткавыя выдаткі і тэмп росту завінавачанасці. Разлікі паказваюць, што нават падвышэнне стаўкі ФРС да 2% прычыніцца да імклівага росту кошту абслугоўвання запазычанасці і тэмпаў яе павелічэння. Таму чакаць хуткага і істотнага росту стаўкі найбліжэйшым часам (а можа, і на працягу мноства гадоў) не выпадае.

Што гэта азначае для кошту нафты?

Калі казаць пра 2015-2016 гады, то гэта захаванне ўзроўню «дна», пра які, вядома, можна спрачацца (50-60-70$) і які, несумненна, вызначаецца не рынкам «віртуальнай» нафты, а ўзроўнем здабычы і сусветным попытам на нафту.

У 2017 годзе і далей магчымыя розныя сцэнары, звязаныя з павольным ростам кошту нафты. Пры гэтым кошт даляра, звязаны з узроўнем дзяржаўнай завінавачанасці ЗША і вартасцю яе абслугоўвання, будзе граць ключавую ролю ў фармаванні канкрэтнага коштавага трэнду.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках