МЗС Літвы: Беларускія палітвязні павінны выйсці на свабоду
6- 12.02.2015, 9:04
- 14,027
Толькі тады ЕЗ можа зняць санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі.
Так віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас, пракаментаваў агенцтву BNS мінулыя 4 лютага ў Менску беларуска-літоўскія кансультацыі паміж МЗС, паведамляе ru.DELFI.lt.
Ён адзначыў, што Літва зацікаўленая ва ўстанаўленні больш цесных сувязяў паміж ЕЗ і Беларуссю.
«Асноўная прычына, з якой ЕЗ прымяняе абмежавальныя захады ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, застаецца ранейшай, таму заўчасна казаць аб адклiканнi абмежавальных мер або аб іх ануляванні, - сказаў Крывас. - Для таго каб ЕЗ мог прыняць адпаведную пастанову, патрабуецца істотны прагрэс у пытаннях абароны правоў чалавека з беларускага боку. Тут гаворка перш за ўсё ідзе аб вызваленні палітычных зняволеных і неабходнасці прававой рэабілітацыі».
Ён таксама адзначыў, што Літва шануе пазіцыю Беларусі што да расейска-ўкраінскага канфлікту.
«Літва вельмі станоўча ацэньвае пазіцыю, занятую Рэспублікай Беларусь і ролю Беларусі ў міжнародных намаганнях у пошуку развязання канфлікту паміж Расеяй і Украінай, - сказаў ён. - Мы таксама высока цэнім прынцыповую пазіцыю беларускіх калег не далучацца да тых санкцый, якія расейскае кіраўніцтва цяпер ужывае ў сферы эканомікі ў дачыненні да ЕЗ і ягоных сябраў».
Са слоў Крываса, на саміце Усходняга партнёрства, што будзе ў траўні ў Рызе, можа быць парафіравана пагадненне паміж Беларуссю і ЕЗ аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Дыпламат сцвярджае, што да гэтай сустрэчы будзе разглядацца магчымасць правядзення сустрэчы міністраў замежных спраў Літвы і Беларусі.
Гаворачы аб будучых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, Крывас адзначыў неабходнасць «празрыстай арганізацыі перадвыбарчага працэсу і выбарчай кампаніі з прыцягненнем і міжнародных механізмаў назірання».