25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мараторый скончыўся: кошты ў Беларусі ірванулі ўверх

8
Мараторый скончыўся: кошты ў Беларусі ірванулі ўверх

Пасля забароны беларускіх уладаў на павышэнне коштаў, знятай 15 студзеня, многія імпартныя і айчынныя тавары прыкметна падаражэлі.

Гэты трэнд захаваецца і далей, уважаюць эксперты.

Улады Беларусі запэўнівалі, што падвышэнне коштаў у пэўнай ступені дапушчальнае толькі для прадукцыі, вырабленай у так званых трэціх краінах, гэта значыць, што не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), які пачаў працаваць з 1 студзеня 2015 года. Тым не менш новыя цэннікі з'явіліся і на таварах мясцовай вытворчасці, паведамляе Deutsche Welle.

Кошты папаўзлі ўверх

Пасля фармальнага заканчэння мараторыя на рост коштаў многае ў Беларусі падаражэла. Асабліва гародніна і садавіна. Напрыклад, імпартныя памідоры, якія яшчэ месяц таму каштавалі амаль удвая танней айчынных (28-30 тысяч беларускіх рублёў і 50 тысяч адпаведна), практычна зраўняліся ў кошце і цяпер прадаюцца па 49-59 тысяч.

Кошты на агуркі падняліся на 10-12 адсоткаў, склаўшы 53-59 тысяч за кілаграм. У сярэднім на 10-15 адсоткаў пасля заканчэння мараторыя выраслі кошты на бананы, зеляніну, бульбу.

Вінаград падаражэў на 150-250 адсоткаў (з 18-25 тысяч да 40-60 тысяч за кілаграм). Паступова даражэе мяса ўсіх відаў, асабліва сала. І такіх прыкладаў можна прывесці мноства. Мяркуючы па ўсім, рынак не звяртае ўвагі на дырэктывы кіраўніцтва краіны.

Патрабаванні ўладаў і іх ігнараванне

На пашыранай нарадзе з урадам яшчэ ў канцы снежня 2014 года Аляксандр Лукашэнка строга папярэдзіў, што не дапусціць бескантрольнага росту коштаў: «Нашы асобныя нягоднікі-чыноўнікі арыентуюць прадпрымальнікаў, камерсантаў і рознага роду жуллё, што вы, маўляў, пацярпіце, 15 студзеня мы тут усё адпусцім, і вы потым адаб'яце ўсё, што цяпер не атрымалі. Я ж хачу заявіць, што трэнд, як модна сёння казаць, на кантроль над коштамі ў краіне захаваецца назаўсёды».

Пасля гэтага ў міністэрствах гандлю і эканомікі заявілі, што «павелічэнне коштаў на сыравіну і матэрыялы айчыннага паходжання, а таксама з краін ЕАЭС, не дапускаецца». Акрамя таго, установамі было выказана патрабаванне недапушчэння пераацэнкі тавараў, што ўжо паступілі ў гандлёвыя сеткі.

Але. Пакупнікі здзіўлена назіралі, як нават без абвяшчэння перападліку прадаўцы мянялі цэннікі на тавары, што ўжо стаялі на прылаўках. Напрыклад, квас вытворчасці аднаго з беларускіх прадпрыемстваў падаражэў з 7950 рублёў за бутэльку да 9100 рублёў (амаль на 15 адсоткаў). І гэта не адзінкавы выпадак.

Дык навошта наогул было ўводзіць гэты мараторый на рост коштаў, і каму ён дапамог?

Мэты мараторыя

Са слоў эксперта менскага Ліберальнага клуба Антона Балточкі, гэта была тактычная пастанова, накіраваная на перакладанне дэвальвацыйных працэсаў на кошты ўнутры краіны. Калі б не было замарозкі коштаў, тлумачыць эксперт, магчыма, што кошт многіх тавараў вырас бы не проста на 30 адсоткаў, а нават у паўтара разы.

Перад Новым годам улады не хацелі турбаваць народ, у якога пасля дэвальвацыі беларускага рубля заробкі ў сярэднім знізіліся з 600 даляраў у эквіваленце да 500 даляраў, а то і меней. Тут варта нагадаць, што задача дасягнуць сярэдняга ўзроўню заробку ў краіне 500 даляраў ставілася Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2010 годзе. Сёння ўрад аб даляравым выражэнні сярэдняга заробку не згадвае.

Акрамя таго, гаворыць Балточка, улады з дапамогай кантролю над коштамі спрабавалі захаваць пакупніцкую здольнасць насельніцтва, перачакаўшы перыяд эмацыйнай рэакцыі бізнэсу на дэвальвацыю і імкнучыся выраўняць курс рубля ў дачыненні да цвёрдых валют.

Павышальны трэнд

Справа ў тым, што ў канцы 2014 года і ў пачатку 2015-га афіцыйны курс продажу валют быў вышэй за ўстаноўлены Нацбанкам на 30 адсоткаў праз увядзення камісіі (для фізічных асоб) і падатку (для юрыдычных), якія яны - у суме тых жа 30 адсоткаў - павінны былі плаціць пры куплі еўра і даляраў. Такі крок прывёў да множнасці валютных курсаў і адраджэння інстытута валютчыкаў. Скончылася ж усё ўсталяваннем адзінага абменнага курса. У выніку за год курс рубля ўпаў на 40 адсоткаў.

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што, нягледзячы на запланаваныя на 2015 год выбары прэзідэнта, рост коштаў прадоўжыцца: «Ні пра якія прагнозныя 16-18 адсоткаў інфляцыі, закладзеныя ў прагнозах урада, гаворка ўжо не ідзе. Інфляцыя будзе вышэйшай, нягледзячы на ўсе спробы правядзення жорсткай манетарнай палітыкі».

У сваю чаргу Антон Балточка канстатуе, што замарозка коштаў можа закрануць розныя тавары, але такі кантроль не можа быць вечным, «паколькі ніхто, у тым ліку і манетарныя ўлады, не хочуць паўтараць крызісны 2011 год».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках