25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Форум прадпрымальнікаў у Менску сабраў больш як 1200 чалавек

32
Форум прадпрымальнікаў у Менску сабраў больш як 1200 чалавек

Чыноўнікі папярэдзілі прадпрымальнікаў пра той лёс, які чакае іх з сакавіка.

Старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка распавёў charter97.org аб тым, як прайшоў форум і аб прынятай імі выніковай рэзалюцыі мерапрыемства.

- Мы не чакалі такога, форум быў проста беспрэцэдэнтны. Градус, вядома, быў надмерны. Я чакаў не больш як 400-500 чалавек, але калі я ўбачыў рэальную колькасць удзельнікаў, я быў проста шакаваны - 1200 чалавек! А самае галоўнае, што прадстаўнікі ўлады прысутнічалі на Форуме прадпрымальнікаў ад пачатку да канца. Яны сядзелі і слухалі ўсё, што казалі прадпрымальнікі, усё, што ў іх набалела.

Увогуле, улады сказалі прадпрымальнікам аб тым, што пастанова прынятая, нічога мяняцца не будзе, рыхтуйцеся працаваць у новых варунках. А прадпрымальнікі ім у адказ заявілі, што працаваць яны ў гэтых варунках не могуць, і што для іх гэта значыць спусташэнне. Яны нават казалі, што ў іх складваецца ўражанне, што яны для ўладаў альбо канкурэнты, альбо іх мэтанакіравана знішчаюць, - распавёў ён.

- І да чаго ў выніку дамовіліся?

- Прадпрымальнікі сваёй большасцю заявілі аб тым, што працаваць яны не змогуць. РГА «Пэрспэктыва» заняла такую пазіцыю: мы хочам сёння паказаць усяму грамадству, што адказнасць за свае дзеянні павінны несці чыноўнікі, якія распрацоўваюць законы. Для таго, каб нельга было сапхнуць на пятую-дзесятую калоны свае праблемы, мы заклікалі прадпрымальнікаў самастойна прыняць пастанову аб працы пасля 1 сакавiка 2015 года, улічваючы ўсе рызыкі і абставіны. І часу засталося няшмат. Калі ўказ жыццяздольны, што мы ўбачым 1 сакавіка?

- Залюдненыя рынкі?

- Жвавы, чынны гандаль і задаволеныя твары прадпрымальнікаў. Гэта тое, пра што рапартуюць чыноўнікі вышэйшым уладам. Але калі мы ўбачым іншую сітуацыю, то, я думаю, што і СМІ, і ўсё грамадства павінны будуць задумацца пра тое, а што за законы былі прынятыя ў дачыненні да малога бізнэсу, што чалавек нават не можа выйсці і нармальна працаваць. Пагадзіцеся, сёння для Беларусі гэта найсправядлівейшая пастанова ў гэтай сітуацыі. Таму мы і хочам сказаць: «Перспектыва» не будзе рыхтаваць ні акцый пратэсту, ні раздаваць улёткі, ні арганізоўваць што-небудзь яшчэ. Сітуацыя 1 сакавіка - гэта вынік працы чыноўнікаў, якія распрацавалі Ўказ №222 і сказалі Лукашэнку яго падпісваць. Усё. Засталося нядоўга. Няхай усе ўбачаць, як закон працуе ў нашай краіне.

Мы адкрываем новую старонку ў гэтай справе. Магчыма, пакуль складана зразумець, што я раблю, але, паверце, гэты крок будзе вельмі моцным. Мы хочам сказаць, што прыйшоў час грамадству самому адказваць за свае ўчынкі, роўна як і ўладзе быць адказнай за ўсе свае намеры і справы. Можа быць, трэба пачынаць з малога? Мы хочам прымусіць людзей пачаць з сябе.

- Гэта значыць, вы сабралі столькі людзей разам дзеля таго, каб сказаць ім, што ім трэба пачаць з сябе?

- Мы сабралі людзей. Далі ім пляцоўку, дзе такая велізарная колькасць людзей сказала праўду чыноўнікам. Бо многія думалі, што гэта блеф і што ўлада так з імі абысціся не можа! Чыноўнікі з пяці ўстаноў выступілі і сказалі ім у вочы: «Хлопцы, нічога мяняцца не будзе, вы павінны працаваць!». Калі гэтага для нашых людзей сёння не дастаткова, каб зрабіць высновы, то пра якія перамены і аб якім грамадстве мы можам казаць наогул? Нам трэба выхоўваць адказнае грамадства, якое само будзе прымаць пастановы, зыходзячы з таго, што з імі робіць улада. Каб потым Лукашэнка зноў пра мяне не сказаў, што гэта ўсё пятая калона зладзіла і арганізавала. Ні ўлётачкі не было, ні закліку, клянуся! А першага сакавіка мы паглядзім, хто меў рацыю. А вам цікава? Вы ўяўляеце, як цяпер быць прадпрымальніку пасля гэтага ўсяго? Калі ён будзе сядзець і думаць: а сапраўды, калі я выйду - усё падумаюць, што ўсё добра. А калі не выйду, можа, сапраўды, нешта зменіцца?...

Фота з архіву belapan.com

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках