25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Ждановічах» са зніжкамі распрадаюць не толькі тавар, але і гандлёвыя пункты

14
На «Ждановічах» са зніжкамі распрадаюць не толькі тавар, але і гандлёвыя пункты

Шыльды "Распродаж" і "Зніжкі" можна ўбачыць амаль на кожным шапіку.

Карэспандэнт "Еўрарадыё" наведаў самы знакаміты рынак краіны і даведаўся, што хутка там можна будзе набыць толькі пачак з семкамі.

Цягнік са станцыі "Менск-Пасажырскі" да станцыі "Лебядзіны" амаль пусты, на прыпынку выходзіць усяго з дзесятак чалавек. Разам з імі іду да шэрагаў гандлёвых пунктаў. Яны амаль усе замкнёныя. Пенсіянерка Алена гандлюе на "Ждановічах" сем апошніх гадоў. Кажа, што апошнім часам пакупнікоў зусім няма:

"Пакупнікі? Пакупнікоў тут ужо даўно няма. Мы ўжо тут хутка развучымся размаўляць з імі. Гэта такое становішча ў краіне, калі ў людзей заробкі панізіліся, калі людзей перавялі на 4-дзёнку, адправілі іх у неаплатныя адпачынкі. Якія могуць быць пакупнікі.. . даношваюць тое, што ёсць. Цяпер хоць бы камунальныя паслугі аплаціць і паесці".

Працоўны дзень Алены цяпер такі: а 09:00 едзе на гандлёвае месца, чытае там сваю электронную кнігу, п'е гарбату, абедае з суседкамі, потым зноў чытае. Гадзіне а 17 замыкаю шапік і еду дадому. Пакупнікоў няма. Стаіць на рынку, хутчэй, са звычкі. Да таго ж да 1 сакавіка трэба прадаць стары тавар, пакуль на яго не патрабуюць сертыфікатаў.

Каб выйсці ў нуль, прадпрымальніцы трэба прадаць 140 сукенак за месяц. Шыльды "Распродаж" і "Зніжкі" можна ўбачыць амаль на кожным пункце. Віктар, гандлюе на "Ждановічах" разам з жонкай, таксама скардзіцца на 222-і Указ Лукашэнкі:

"Калі будзе прыняты закон, то, значыць, разам усе закрыемся. І ўсё. Дзяржава не атрымае ў бюджэт падаткі, арэнду не атрымае за нашы месцы гандлёвыя. Нам няма чаго рабіць. Закрыемся. Парушаць закон мы не будзем, бо велізарныя штрафы".

Падаткаў Віктар плаціць крыху больш за 3 мільёны на месяц. Яшчэ 7 - арэнда. Усяго блізу 10 мільёнаў. Пасля 1 сакавіка трэба заплаціць яшчэ і за сертыфікаты якасці на кожную рэч. Гэта да тысячы даляраў за штуку. Калі пытаюся, ці рэальна выцягнуць такую суму, Віктар закатвае вочы і смяецца.

Распрадаюць на "Ждановічах" не толькі тавар, але і гандлёвыя пункты.

Непад'ёмнымі сертыфікаты і для пенсіянеркі Алены. Яна распавядае, што за яе тавар - жаночыя штаны і джынсы - трэба заплаціць у сярэднім па 3 мільёны за паперу. Распавядае, што неяк з цікавасці села падлічыць, колькі ўсяго адзінак з яе асартыменту патрабуюць сертыфікатаў. На 40 мільёнах лічыць перастала. Выйсце - гандляваць беларускімі рэчамі. Але яны альбо зусім ніякія, альбо вельмі якасныя, але дарагія. Але людзі слаба купляюць нават таннае кітайскае адзенне. Алена кажа, што цяпер за шчасце прадаць 1-2 рэчы за дзень:

"Калі ў мяне за дзень нешта купяць, то я палячу шчаслівая на крылах! Вы такія пытанні задаяце... Я ж кажу, хутка з людзьмі тут развучымся размаўляць. Руху тут ніякага наогул няма. "Ждановічы" ўважаюцца за рынак выхаднога дня, сюды больш з Менска прыязджалі людзі. Але цяпер шмат калі і ў выходныя стаяць па нулях. 1-2 рэчы прадаць - гэта ўжо шчасце. Гэта ўжо ёсць, з чым у краму схадзіць, ёсць чым пакарміць сям'ю".

Пасля 1 сакавiка Алена думае згортваць бізнэс, а рэшткі тавару паедзе прадаваць у Расею - там дзейнічаюць сертыфікаты, якія беларусы атрымлівалі, купляючы тавар на маскоўскіх рынках. Калі прадасць, пойдзе шукаць працу ў дадатак да 2-х мільёнаў пенсіі.

У Віктара пенсіі няма. Што будзе рабіць пасля 1 сакавіка - не ведае. Далей гандляваць, не бачыць сэнсу. Кошты старога тавару разлічаныя зыходзячы з курсу 11 тысяч за даляр. Калі разлічваць з новым курсам, ды яшчэ з коштам сертыфікатаў, атрымаецца значна даражэй. Але людзі цяпер не купляюць рэчы нават старымі коштамі. Можна нават тыдзень прастаяць і не прадаць нічога:

"Ніхто не скажа, колькі тут цяпер людзі нагандляваць могуць. Было такое, што тыдні два і па нулях стаялі. У будні наогул нікога няма. Калі адзін чалавек зойдзе памераць штось, то гэта добра. Людзей няма! Пахадзіце, паглядзіце тут да канца дня. Вы самі ўсё ўбачыце".

Словы гандляроў пацвярджаюць пустыя рады гандлёвых цэнтраў і распродажы. Прычым, прадпрымальнікі са зніжкамі распрадаюць і тавар, і нават свае шапікі. Заўважаючы мяне з фотаапаратам, гандляры запрашаюць прыехаць на "Ждановічы" пасля 1 сакавіка. Маўляў, будуць прыгожыя кадры мёртвага закінутага рынку.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках