24 лiстапада 2024, Нядзеля, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Дзядка пагаршаецца здароўе ў турме

2
У Дзядка пагаршаецца здароўе ў турме

За некалькі дзён да суда палітвязня Мікалая Дзядка вывезлі на абследаванне ў Магілёўскую лякарню.

Пра гэта charter97.org паведаміла жонка палітвязня Валерыя Хоціна.

«Да гэтага Мікалай неаднаразова скардзіўся на пагаршэнне стану здароўя і болі ў страўніку. Больш за год таму яго вазілі на дыягностыку ў турэмны шпіталь Жодзіна, аднак, паводле збегу абставін, лекар, які загадваў неабходнымі апаратамі, сышоў у адпачынак, і Дзядка вярнулі ў турму, так і не правёўшы неабходных даследаванняў. У турме на месяц яму прызначылі дыет-харчаванне, якое азначае, што да звычайнага рацыёну зняволенага дадалі кавалачак сметанковага масла, яйка і малако. За год неабходныя даследаванні так і не былі праведзеныя, праблема не развязалася.

Пасля званка маці зняволенага ў турму адміністрацыя арганізавала нарэшце паездку Мікалая ў звычайную лякарню г. Магілёва. Мікалай піша, што набраўся уражанняў на цэлы тыдзень - ён упершыню за 3 гады бачыў вуліцу, птушак, іншых людзей. Уразіла, як ад яго шарахаліся ў лякарні звычайныя пацыенты. Лекар чарговым разам прызначыў праходжанне дыягностыкі страўніка і кішачніка і парэкамендаваў зноў вярнуць Дзядку дыетычнае харчаванне. Незразумела, аднак, якім чынам будуць выконвацца гэтыя рэкамендацыі, калі заўтра Мікалая асудзяць на дадатковы тэрмін пазбаўлення волі, пасля чаго яго чакае перавод у іншую калонію», - адзначыла Валерыя Хоціна.

Нагадаем, у магілёўскай турме №4 25 лютага праходзіць суд над палітвязнем Мікалаем Дзядком. Дзядку інкрымінуюць больш за дваццаць парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма. Усе парушэнні былі сабраныя з моманту яго зняволення ў 2012 годзе.

Ён быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. 27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Менска прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі строгага рэжыму паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства). 5 снежня 2012 г. пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання Дзядку былі замененыя на больш жорсткія, і Мікалая перавялі з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва.

Як мяркуюць праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў.

Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках