Пуцін назваў умову сустрэчы ў Менску
33- 8.02.2015, 15:52
- 46,725
Сустрэча ў «нармандскім фармаце», запланаваная на 11 лютага ў Менску, адбудзецца, «калі дагэтуль выпадзе ўзгадніць шэраг пазіцый».
Пра гэта заявіў прэзідэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з беларускім дыктатарам у Сочы, паведамляе ТАСС.
«Хацеў бы праінфармаваць вас пра тое, што толькі што я скончыў размову з калегамі з Кіева, Бэрліна і Парыжа ў так званым «нармандскім фармаце». Мы дамовіліся, што пастараемся арганізаваць сустрэчу ў такім жа фармаце паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў у Менску, будзем арыентавацца на сераду, калі дагэтуль выпадзе ўзгадніць шэраг пазіцый, якія мы апошнім часам інтэнсіўна абмяркоўвалі», - адзначыў Пуцін.
Лукашэнка са свайго боку запэўніў, што перамовы ў Менску будуць арганізаваныя «належным чынам», паведамляе РІА Новости.
Раней інфармацыю пра перамовы распаўсюдзілі ўлады Нямеччыны. Яе таксама пацвердзілі ў прэс-службе ўкраінскага лідэра Пятра Парашэнкі.
8 лютага прэзідэнты Расеі, Украіны і Францыі Уладзімір Пуцін, Пятро Парашэнка і Франсуа Аланд, а таксама канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель правялі тэлефонную канферэнцыю ў пытанні ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Аднак, насуперак чаканням, вынікі тэлефоннай гутаркі апублікаваныя не былі.
6 і 5 лютага Аланд і Мэркель пабывалі ў Кіеве і Маскве, дзе правялі перамовы з лідэрамі Украіны і Расеі. У абодвух выпадках перамовы праходзілі за зачыненымі для прэсы дзвярыма, а заяў аб іх выніках удзельнікі сустрэч таксама не рабілі. Стораны пры гэтым адзначылі канструктыўную хаду перамоў.