Янукевіч: «сачкаваць» пары дрэнна, але дзеля Дня Волі можна
8- 20.03.2015, 16:23
- 14,708
Старшыня Партыі БНФ заклікаў моладзь прыйсці на акцыю 25 сакавіка.
Аляксей Янукевіч, які з'яўляецца адным з арганізатараў дэманстрацыі на Дзень Волі патлумачыў «Нашай Нiве», што сёлета плануецца зрабіць акцэнт на моладзь, бо менавіта студэнты змогуць масава прысутнічаць падчас акцыі, якую Менгарвыканкам дазволіў а 15:00 у сераду, 25 сакавіка.
«Будзем заклікаць людзей прыходзіць. Вядома, гэта будзе складана для тых, хто працуе. Але моладзь, студэнты звычайна заканчваюць вучыцца ў гэты час, таму мы звяртаемся да студэнтаў з асаблівым заклікам», - паведаміў Янукевіч.
Старшыня БНФ не выключае, што, каб пазбавіць студэнтаў магчымасці ўдзелу ў Дні Волі, адміністрацыі навучальных устаноў могуць тэрмінова зладзіць нейкія заняткі або задзейнічаць іншыя метады. Аднак Янукевіч мяркуе, што для ўдзелу ў акцыі можна прапусціць заняткі.
«Сачкаваць» пары дрэнна, але дзеля такой справы можна», - сказаў Янукевіч.
Пры гэтым Янукевіч спадзяецца, што Дзень Волі ў 2015 годзе збярэ досыць удзельнікаў:
«Летась акцыя ў Дзень Волі была самай масавай з часу прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Людзі адрэагавалі на сітуацыю ў рэгіёне і прыйшлі, бо адной з тэм была заяўленая салідарнасць з Украінай. Сёлета гэтыя тэмы таксама будуць ключавымі таму мы разлічваем, што прыйдуць людзі, хоць для некаторых гэта будзе складана. Мы разлічваем, што людзей будзе не менш, чым летась».
Арганізатары дэманстрацыі планавалі прызначыць пачатак збору ўдзельнікаў на 17:00, правесці дэманстрацыю з 18:00 да 19:15, а да 20:00 правесці мітынг. Аднак Мінгарвыканкам перанёс акцыю на 2 гадзіны раней.
«Вядома, перанос акцыі на больш ранні час – свядомая пастанова. Аднак у Менгарвыканкаме растлумачылі, што перанеслі святкаванне Дня Волі на такі ранні час, каб мітынг праводзіўся падчас светлавога дня, а не ў цемры. Яны таксама сказалі, што заяўлены намі час супадае з часам пік, і, хоць рух не перакрываецца, гэта стварае нязручнасці для гараджан. Сказалі, што летась паступала шмат скаргаў», - распавёў Янукевіч.