Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» падалі заяўку ў Менгарвыканкам
1- 10.04.2015, 11:53
- 9,172
10 красавіка ў Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне 26 красавіка "Чарнобыльскага шляху".
Подпісы пад заяўкай паставілі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук і грамадскі актывіст Ілля Дабратвор.
Арганізатары просяць гарвыканкам дазволіць правядзенне акцыі ў наступным фармаце: збор каля кінатэатра "Кастрычнік" з 14 да 15 гадзін і шэсце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых», размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў. Мітынг сёлета пастаноўлена не праводзіць.
У каментары БелаПАН Аляксей Янукевіч адзначыў, што, паводле задумы арганізатараў, акцыя павінна «арганічна спалучаць грамадскую і палітычную тэматыку». «Ёсць традыцыйна важныя тэмы памяці пра Чарнобыль, пра пацярпелых ад радыяцыі, пра палітыку ў дачыненні да забруджаных тэрыторый. Разам з тым, сёлета надзвычай актуальныя пытанні фактычнага банкруцтва авантуры з будаўніцтвам у краіне атамнай электрастанцыі пад расейскім кіраўніцтвам, а таксама пагрозы размяшчэння ў Беларусі расейскай ядзернай зброі пры нарошчванні расейскай вайсковай прысутнасці ў нашай краіне. Такім чынам, адной з ключавых мэтаў акцыі павінна стаць гучнае «Не!» Расейскай ядзернай пагрозе», - сказаў Янукевіч.
«Чарнобыльскі шлях» - вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць у Менску штогод з 1988 года ў фармаце шэсця, якое звычайна завяршаецца мітынгам. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.