Васіль Парфянкоў: Мы ваюем за свабодную Украіну і свабодную Беларусь
26- 12.04.2015, 16:22
- 34,142
Пад Данецкам вызначаецца лёс не толькі Украіны.
Былы беларускі палітвязень ваюе ў Данбасе ў складзе дабравольніцкага батальёна АУН. Па дарозе ў Кіеў, куды ён ехаў на ратацыю з-пад Данецка, Васіль Парфянкоў адказаў на пытанні «Радыё Свабода».
- Якая сітуацыя пад Пяскамі, дзе вы змагаецеся? Некаторыя пішуць, што здалі пазіцыі, ці так гэта?
- Не, ніхто нічога не здаў. Была невялікая паніка, калі да нас падышла 93-я брыгада Узброеных сіл Украіны з Харкава. Яны паставілі сваю тэхніку ля нашых пазіцый, і тады ўзніклі чуткі, што нібыта нас атачылі і загадалі здаць зброю. Але гэта не дакладна. Зброю ніхто не здаваў, добраахвотнікі ў Пясках як стаялі, так і будуць стаяць. А ў мяне проста чарговая ратацыя. Цяпер вось знаходжуся ў Чырвонаармейску, а дзесьці праз 2 тыдні буду вяртацца.
- Апошні раз мы размаўлялі ў канцы лютага. За гэтыя амаль ужо два месяцы вяліся пад Пяскамі баявыя дзеянні? Як выконваецца замірэнне?
- Як такіх баёў не было, але працуюць снайперы. Даводзіцца хадзіць сагнутым, каб не патрапіць пад стрэл. Бывае, з АГСаў працуюць - гэта аўтаматычны гранатамёт, які б'е чэргамі. Але іх артылерыя пераважна не працуе. Калі па нашых пазіцыях страляюць, мы адказваем агнём, яны бачаць гэта і спыняюцца. У нас былі лёгкія раны. У тым ліку асколкам ад АГС у спіну параніла беларуса. Ён быў у бронекамізэльцы, таму гэта хутчэй кантузія, а не пранікальная рана. Калі чалавек у бронекамізэльцы «ловіць» кулю або асколак, то гэта вельмі моцны ўдар, адчуванне, як быццам конь б'е капытом. Такое ўжо даводзілася выпрабаваць.
- Вы жывыя, здаровыя, не параненыя? Якія навіны ў вашым асабістым баявым жыцці?
- Нічога асабліва новага. Здаровы. Адзінае, што перавялі са звычайных стралкоў у ДРГ - гэта дыверсійна-разведвальная група. Ходзім у разведку, у тым ліку ў тылы супраціўніка. Гэта, вядома, больш небяспечна, бо мы ходзім, і яны ходзяць побач з намі, і мы часта нават чуем, як яны вядуць перамовы праз рацыі. Так даводзіцца цяпер ваяваць.
- Як з назіранняў, на другім баку рыхтуюцца да наступу?
- Цяжка сказаць. Апошнія пяць дзён наогул было вельмі ціха ў Пясках. Яны не стралялі нават са стралковай зброі і не адказвалі на нашу «прафілактыку», хоць раней адразу адказвалі. Магчыма, да чагосьці рыхтуюцца. Яны выходзілі на нашую частату і крычалі, што «здарыцца няўрод «укропа», засільвайцеся, мы 9 траўня будзем у Кіеве» і гэтак далей.
- А як вашыя байцы ўспрынялі закон аб забароне камуністычнай сімволікі і помнікаў? Як вы асабіста да гэтага ставіцеся?
- Добра ўспрынялі, бо нікому гэтыя помнікі Леніну ды іншым не патрэбныя. Вось помнікі жаўнерам, мяркую, можна захаваць. Не важна, што яны змагаліся ў тыя савецкія часы, але за зямлю Украіны. Я маю на ўвазе помнікі накшталт невядомага жаўнера. А Леніным-Дзяржынскім, якія і ў нас ўсюды стаяць, іх, вядома, трэба прыбіраць. Бо што яны сімвалізуюць? Толькі знішчэнне народа.
- Міжнародная амністыя паведаміла аб факце расстрэлу прарасейскімі баевікамі чатырох украінскіх ваеннапалонных. Палявы камандзір Матаролы публічна прызнаўся, што асабіста расстраляў групу ўкраінскіх палонных. Вам пра такія факты вядома? Як ставяцца на тым баку да палонных?
- Магу сказаць адно: з нашага валанцёрскага батальёна - а тут служаць у батальёнах «Правага сектара» і АУН - яны нас у палон не бяруць. Забіваюць адразу. Яны бяруць у палон пераважна хлопцаў з Узброеных сіл Украіны, гэта значыць вайскоўцаў. А з тымі па-рознаму абыходзяцца. Ведаю пра выпадак, калі ў чалавека была выбітая татуіроўка «трызубец» на запясці - дык адрэзалі руку па плячук.
Бывае, мяняюцца палоннымі. Але што да нас, добраахвотнікаў, то нас яны ў палон не бяруць. Пераважна, як і мы іх. Калі дайшло да агнявога кантакту, то - на знішчэнне.
- Узнагароды яшчэ не маеце?
- Не. Я ўвогуле іншаземец, мяне ўзнагароджваць нельга паводле закону, ды і мы ваюем не за ўзнагароды, а за вольную Украіну і за свабодную Беларусь. Бо калі мы дамо тут, на Данбасе, Пуціну па руках, ён крыху супакоіцца са сваім «расейскім светам». Тут яму не «расейскі свет», і ў Беларусі - не «расейскі свет». Можа, трохі зразумее, што не трэба сюды лезці. І мы гэта ўжо даводзім. Пяскі фактычна ўжо год трымалі, трымаем і будзем трымаць. І яны там не пройдуць.