Праваабаронцы: Дэкрэт аб дармаедах стварае базу для прымусовай працы
20- 14.04.2015, 18:16
- 25,378
Праваабаронцы патрабуюць скасавання дэкрэта аб дармаедах.
Заява з патрабаваннем скасавання дэкрэта аб дармаедах, падпісаная Міжнароднай Федэрацыяй за правы чалавека FIDH і Праваабарончым цэнтрам "Вясна", апублікаваная на сайце ПЦ "Вясна". Падаем тэкст заявы цалкам.
«2 красавіка 2015 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», згодна з ім усе грамадзяне Беларусі, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў больш за 183 каляндарных дзён на працягу года, абавязаныя выплачваць у бюджэт дзяржавы спецыяльны збор на фінансаванне такіх выдаткаў. Нявыплата або няпоўная выплата такога збору, у адпаведнасці з палажэннямі Дэкрэта №3, цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу і адміністрацыйнага арышту.
Іншымі словамі, калі чалавек праз якія-небудзь прычыны не працуе, то, у адпаведнасці з Дэкрэтам, ён, пад пагрозай арышту, абавязаны ўладкавацца на працу альбо заплаціць спецыяльны збор дзяржаве. Такім чынам, стымуляванне працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці, што заяўлена адной з мэтаў Дэкрэта, забяспечваецца не шляхам падвышэння заробкаў, прадастаўлення сацыяльных ільгот і гарантый, а шляхам прымусовага працаўладкавання пад пагрозай кароткатэрміновага пазбаўлення волі.
Гэта наўпрост супярэчыць арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ўсталёўвае працу як права грамадзян, як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўтрымлівае вычарпальны пералік выпадкаў выкарыстання прымусовай працы - што вызначаецца прысудам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы.
Палажэнні Дэкрэта № 3 супярэчаць і міжнародным нормам права ў галіне правоў чалавека. У прыватнасці, п.1 арт. 2 Канвенцыі № 29 Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), арт. 8 (3) Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 6 (1) Міжнароднага Пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.
Варта адзначыць, што ўлады Беларусі і раней актыўна практыкавалі прымусовую працу, што неаднаразова з'яўлялася падставай для крытыкі з боку як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый.
У снежні 2013 года Камітэт ААН у эканамічных, сацыяльных і культурных правах рэкамендаваў Ураду Рэспублікі Беларусь скасаваць прымусовую працу асобам з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, якія супраць сваёй волі ўтрымліваюцца ў «лячэбна-працоўных прафілакторыях», а таксама скасаваць прымусовую працу ў якасці пакарання для асоб, пазбаўленых бацькоўскіх правоў («абавязаныя асобы»).
Асобна адзначаўся ў рэкамендацыях і Дэкрэт Прэзідэнта ад 7 снежня 2012 года № 9 «Аб дадатковых мерах у развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці», які фактычна пазбаўляе работнікаў магчымасці спынення працоўных адносін паводле ўласнай ініцыятывы і пагражае парушальнікам штрафамі ды іншымі фінансавымі санкцыямі. Камітэт падкрэсліваў, што Беларусь абавязаная забяспечыць працаўнікам права на спыненне працоўных пагадненняў паводле іх ініцыятывы.
На жаль, Урад Беларусі не прыслухаўся да рэкамендацый Камітэта ААН. Дэкрэт №3, які ўвайшоў у дзеянне, стварыў яшчэ большую рэпрэсіўную прававую базу для яшчэ найбольш шырокага выкарыстання практыкі прымусовай працы ў краіне.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр "Вясна" і FIDH патрабуюць:
- скасаваць Дэкрэт №3 і
- прывесці беларускае заканадаўства ў сферы працы ў строгую адпаведнасць з міжнароднымі нормамі правоў чалавека і рэкамендацыямі МАП і Камітэта ААН у эканамічных, сацыяльных і культурных правах такім чынам, каб выключыць практыку выкарыстання прымусовай працы ва ўсіх яе формах і праявах».