Палякі пратэстуюць супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў»
68- 15.04.2015, 14:00
- 44,632
Акцыя, якую запланавалі байкеры Пуціна, выклікала хвалю пратэсту ў Польшчы.
Чальцы мотаклуба "Начныя ваўкі" плануюць праехаць праз Беларусь і Польшчу і заехаць 9 траўня ў Бэрлін на знак 70-й гадавіны савецкай перамогі над нацыстамі. Байкеры карыстаюцца падтрымкай Крамля і Расейскай праваслаўнай царквы. Яны плануюць праехаць на сваіх Harley-Davidson 6000 км па Расеі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі ды Аўстрыі, перш чым заехаць у Бэрлін, паведамляе BBC.
У мотапрабегу, які павінен стартаваць 25 красавіка, будуць удзельнічаць і іншыя расейскія матацыклетныя клубы. Байкеры хочуць таксама рабіць прыпынкі ў гістарычна значных месцах, уключаючы Асвенцім на поўдні Польшчы.
Аднак частка палякаў незадаволеная тым, што байкеры маюць падтрымку прэзідэнта Пуціна. Некаторыя польскія газеты ў аўторак надрукавалі на сваіх старонках фатаграфіі Пуціна верхам на велізарным трохколавым матацыкле Harley-Davidson Lehman Trike разам з байкерамі ў Крыме ў ліпені 2010 года. Клуб "Начныя ваўкі" падтрымліваў заклікі вярнуць гэтую ўкраінскую паўвыспу Расеі, што і адбылося ў мінулым годзе.
"Папярэджанне палякам"
Больш за 10 тысяч палякаў выказалі свой пратэст супраць заезду "Начных ваўкоў" у краіну, падпісаўшыся на старонцы Facebook, названай "Не дамо расейскім бандытам праехаць па Польшчы". Адзін з суаўтараў гэтай старонкі, байкер з Кракава Ярэк Падворскі кажа, што "Начныя ваўкі" падтрымліваюць узброеных прыхільнікаў ДНР і ЛНР, якія ваююць на ўсходзе Украіны.
"Ці не азначае гэты праезд праз Польшчу папярэджаннем палякам, ці гэта ўжо пачатак расейскай агрэсіі? - напісана на старонцы Facebook. - Мы спадзяемся, што нашыя мотабраты, незалежна ад клубнай прыналежнасці, паставяць іх на месца. Мы не спалохаліся. Заблакуйце іх праезд праз Польшчу! У іх няма права перасякаць польскую мяжу".
Бліц-апытанне, праведзенае тэлеканалам TVN, высветліла, што 52% апытаных жыхароў Польшчы выступаюць супраць расейскага мотапрабегу.
Былы намеснік міністра замежных спраў Павал Коваль заявіў, што ўрад павінен паставіць юрыдычныя перашкоды, каб не даць байкерам уехаць у Польшчу.
"Яны цвеляць Польшчу, і Польшча павінна выразна паказаць, што разумее гэтыя намеры", - сказаў Коваль.