24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Адамовіч: Ціск на палітвязняў - выклік Захаду

3
Марына Адамовіч: Ціск на палітвязняў - выклік Захаду
Марына Адамовіч
ФОТА: GAZETABY.COM

Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца ў калоніі, распавяла пра ўзмацненне ціску на палітвязняў.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч чакае суда за парушэнні рэжымуў Шклоўскай папраўчай калоніі, дзе ён адбывае тэрмін за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень апошніх прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Жонка апазіцыйнага палітыка Марына Адамовіч распавяла Deutsche Welleаб правакацыях і ўзмацненні ціску на Статкевіча і іншых палітвязняў. На думку Адамовіч, грэбаванне правамі чалавека, якое дэманструюць беларускія ўлады на фоне дэклараванага імі дыялогу з ЕЗ і ЗША, - гэта адкрыты выклік Захаду.

- Што адбываецца цяпер з Мікалаем Статкевічам у Шклоўскай калоніі?

- Абвінавачванне ў злосным парушэнні рэжыму, якое інкрымінуюць Мікалаю, пагражае яму ўзмацненнем жорсткасці пакарання і пераводам у турму строгага рэжыму. Цяпер ён знаходзіцца ў чаканні суда ў закрытай камеры, якая практычна не вентылюецца, сцены пафарбаваныя ў цёмна-сіні колер і няма дзённага святла. Адміністрацыя калоніі наважыла, што астатак тэрміну Мікалай павінен правесці ў турме.

Гісторыя паўтараецца. З гэтай жа Шклоўскай калоніі, у якой Статкевіч пачаў адбываць свой 6-гадовы тэрмін зняволення, яго ўжо адпраўлялі на 3 гады ў Магілёўскую турму за адмову пісаць прашэнне аб памілаванні, а ў студзені 2015 вярнулі назад. Але ціск і правакацыі пачаліся літаральна з першых дзён пасля вяртання.

За два тыдні на Мікалая быў складзены дзясятак актаў аб парушэннях рэжыму, і цяпер ён пазбаўлены права на тэлефонныя званкі, на перадачы і бандэролі. Самы балючы ўдар - пазбаўленне права на спатканне. Бо вяртанне з турмы ў калонію дала нам надзею, што мы зможам убачыцца. Зразумейце, за гэтыя 4 гады і 4 месяцы я сустракалася з Мікалаем толькі адзін раз, але нават працягласць гэтай сустрэчы нам скарацілі з 3 сутак да 20 гадзін.

- Пра якія правакацыі ў дачыненні да Мікалая Статкевіча вы кажаце?

- Мікалая накіравалі ў так званы «прыдворны» атрад, дзе ў асноўным знаходзяцца тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй. Яго абавязалі займацца працай па самаабслугоўванню, у прыватнасці, прыбіраць тэрыторыю. Гэтай працай павінны займацца ўсе зняволеныя па графіку, але не больш за 2 гадзіны ў дзень. Для Мікалая ж гэтую «норму» павялічылі больш, чым у 20 разоў. У патрабаваннi аб пераводзе ў працоўны атрад яму было адмоўлена. Мікалай палічыў гэта зьдзекам і заявіў пра гэта, але вырашыў скарыстацца часам, каб праверыць і задакументаваць факты незаконнага ціску і жорсткага абыходжання з палітвязнямі ў 2011 годзе і зафіксаваць усе факты парушэнняў з боку адміністрацыі ў цяперашні час. У тым ліку і тое, як звычайных крымінальнікаў прымушалі ціснуць на палітвязняў у абмен на датэрміновае вызваленьне. Калі ж ён палічыў гэтую працу выкананай, даслаўшы тры заявы ў Генпракуратуру, ён адмовіўся выконваць незаконную працу. І абвінавачванні ў парушэннях «пасыпаліся» па некалькі ў дзень.

Беларускім палітвязням па-ранейшаму патрэбная дапамога Еўропы. Я да таго, што беларускія ўлады вельмі любяць распавядаць пра глабальныя паляпшэнні ў пенітэнцыярнай сістэме. Дык вось, за тры гады, пакуль Мікалай быў у турме, нічога не памянялася ў Шклоўскай калоніі. Тыя ж правакацыі, той жа ціск, і тыя ж невыносныя варункі ўтрымання. У ізалятары, дзе Статкевіч чакае суда, вельмі нізкая лаўка і вельмі высокі стол, даводзіцца літаральна ўпірацца ў стальніцу падбародкам, каб нешта напісаць. Што гэта, як не здзек?

- З чым вы звязваеце ўзмацненне ціску на Мікалая Статкевіча, калі Менск дэкларуе гатоўнасць да паляпшэння стасункаў з Захадам?

- Павінна сказаць, што ціск узмацніўся не толькі на Мікалая, але і на іншых палітвязняў - Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.

Мяркуйце самі, чаго варта нядаўняе дэманстратыўнае асуджэнне Дзядка на яшчэ адзін год калоніі ўсяго за 5 дзён да вызвалення. Можа стаць рэальнасцю перавод у турму Аліневіча, мяркуючы па тым, як з яго робяць усё больш злоснага парушальніка рэжыму. Трапіць у калонію з паселішча можа і Юрый Рубцоў, у дачыненні да якога заведзеная новая крымінальная справа.

Усё гэта адбываецца на фоне актыўных візітаў заходніх палітыкаў у Беларусь. Гэта ў Еўропе розныя палітычныя сілы змяняюць адна адну на выбарах, а праблемныя пытанні развязваюцца шляхам перамоў. У Менску ж, дзе ўлада не мяняецца больш за 20 гадоў, добра засвоілі, што еўрапейцаў можна "пераседзець".

Таму кіраўніцтва Беларусі фактычна ўльтыматыўна патрабуе ад Захаду прыняць яго такім, якое яно ёсць. Гэта значыць, што пераменаў у краіне не будзе. Я ўважаю гэта за адкрыты выклік заходнім палітыкам, якія спадзяюцца, што з Лукашэнкам можна пра нешта дамовіцца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках