24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуса Кірыла Сілівончыка пасадзілі ў Расеі за салідарнасць з Украінай

47

Малады чалавек заклікаў у сацсетках вярнуць Крым Украіне.

«Яго клічуць Кірыл Сілівончык, ён з Гомельскай вобласці», - распавяла «Нашай Ніве» ягоная адвакат Юлія Баранец. Яна была адзінай, хто прысутнічаў на судзе над ім.

Ні журналістаў, ні сваякоў не было. Апошняе адвакат тлумачыць тым, што мама і брат беларуса жывуць у вёсцы далёка ад Гомеля.

Працэс прайшоў паводле спрошчанай працэдуры.

22-гадовага грамадзяніна Беларусі Маскоўскі акруговы вайсковы суд прысудзіў да двух гадоў калоніі-пасялення. Малады чалавек быў прызнаны вінаватым паводле артыкула «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». У Расеі справы ў гэтым артыкуле падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны - цывільная асоба.

Сісадмін публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы тэксты і малюнкі ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай палітыкі.

Як заяўляе пракуратура, ён заклікаў «вярнуць Крым Украіне».

На сёння Кірыл Сілівончык працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 горада Ніжні Ноўгарад па адрасе: 603009 Ніжагародская вобл., г. Ніжні Ноўгарад, пр. Гагарына, 26а. Адвакат Баранец не ведае, у якой канкрэтна камеры сядзіць Сілівончык. Яна не прадугледжвала сустракацца з ім больш, таму што ён наважыў не абскарджваць прысуд.

З яе слоў, на наступным тыдні Галоўнае ўпраўленне выканання пакаранняў павінна вызначыць, у якой калоніі-пасяленні Сілівончык будзе адбываць свой тэрмін.

Калонія-пасяленне - гэта пакаранне больш мяккае, чым беларуская «хімія». Асуджаны ў ёй можа працаваць, а можа і не працаваць - як сам хоча. Сваякам дазваляюць пражываць разам з ім.

У сваю чаргу, паводле інфармацыі сваякоў Сілівончыка калонія-пасяленне будзе закрытай, але яны спадзяюцца на амністыю, якая чакаецца ў Расеі.

Адвакат адзначыла, што Сілівончык - інвалід трэцяй групы з дзяцінства.

Як можна меркаваць, у судзе Сілівончык абраў тактыку, якая вяла да мінімізацыі прысуду.

Беларус прызнаў сваю «віну». Гэта дало магчымасць правядзення працэсу ў спрошчаным парадку і паводле паскоранай працэдуры. І, у сваю чаргу, прывяло да максімальна мяккага з магчымых прысудаў. Бо сам артыкул прадугледжвае нават тэрміны да пяці ці сямі гадоў турмы. Як адзначыла адвакат, Сілівончык не мог разлічваць на ўмоўны тэрмін, паколькі ён не мае пастаяннага месца жыхарства ў Расейскай Федэрацыі. А ўмоўныя тэрміны ў Расеі могуць атрымліваць толькі асобы з ПМЖ.

Погляды Сілівончыка ў судзе не абмяркоўваліся.

Адвакат адзначыла, што Сілівончык - развітая асоба. Ён спецыяліст у кампутарах і працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе.

У Расею яго прывяла, напэўна, магчымасць вялікіх заробкаў. Аднак душой ён заставаўся на радзіме.

«Прыязджаючы ў гэты горад, забываеш, што ў краіне ўсё дрэнна», - піша ён пра Менск у сябе «Вконтакте».

Мяркуючы са старонкі Сілівончыка «Вконтакте», ён вялікі патрыёт Беларусі.

Ён не толькі ставіць палітычныя запісы, але і прызнанне ў сваіх пачуццях да дзяўчыны размясціў па-беларуску.

Дарэчы, ягоная каханая чакае яго. Учора, у 4-ю гадавіну іх знаёмства, яна змясціла ў сябе «Вконтакте» кранальны верш і вось такое фота:

На старонцы Сілівончыка «Вконтакте» шмат размешчана патрыятычных матэрыялаў з Беларусі.

Шмат і выказванняў у падтрымку Украіны.

За што ж пасадзілі хлопца? Няўжо за гэтыя карцінкі? «Не за карцінкі, а за заклікі», - кажа Баранец.

«Якія канкрэтна? Я на памяць не скажу», - адказала яна і параіла шукаць на сайце Маскоўскага вайсковага суда, паколькі справа была адкрытай. Праўда, сама яна інфармацыі пра гэтую справу там не знайшла, кажа. Не знайшлі і журналісты.

Затое журналісты выявілі на старонцы Сілівончыка карцінку, якая, магчыма, легла ў аснову абвінавачвання. Гэта нават не фота, а малюнак. На ім украінскі жаўнер стаіць на расейскім сцягу і завязвае ў вузел шыі двухгаловага арла.

Аднак у гэтым малюнку няма ніякіх заклікаў да тэрарызму.

Цяпер сабраць больш інфармацыі пра справу і хлопца могуць толькі праваабаронцы і журналісты.

Ніякага грамадскага рэзанансу ў Расеі гэта справа не выклікала. Адвакат не ўзгадвае, каб былі публікацыі ў СМІ ці рэакцыя праваабаронцаў.

Як мяркуе адвакат, да Сілівончыка неўзабаве прыедзе мама забраць рэчы. «Наша Ніва» звязалася з дзяўчынай Кірыла, але яна адмовілася казаць пра запісы. «Усё роўна так, як было раней, ужо не будзе», - напісала яна.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках