Беларусы, палякі і ўкраінцы збіраюцца спыніць байкераў Пуціна ў Тэрэспалі
33- 22.04.2015, 12:53
- 32,450
У Тэрэспалі «Начным ваўкам» рыхтуюцца даць фізічны супраціў.
Актывіст моладзевага крыла руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка ініцыяваў праз сацыяльныя сеткі кампанію «Не - праезду расейскім байкерам -тэрарыстаў праз Беларусь!».
Да суполкі далучыліся ўжо больш за 200 чалавек, паведамляе «Радыё Свабода».
Навіна аб тым, што расейскія байкеры маюць намер праехаць па Еўропе з Масквы да Бэрліна, з'явілася на адным з сайтаў «Начных ваўкоў» яшчэ 23 сакавіка.
Паводле інфармацыі арганізатараў акцыі «Не - праезду расейскім байкерам-тэрарыстаў праз Беларусь!», Расклад і маршрут руху «Начных ваўкоў» па Беларусі такі:
«25.04 - Смаленск-Менск, старт а 19:00, дарога зойме 4 гадзіны, прыбыццё а 23:00, сустрэча з менскім філіялам «Начных ваўкоў» каля Кургана Славы. 26.04 - Менск-Хатынь, старт а 8:00, прыбыццё а 9:00. 26.04 - Менск-Берасце, старт а 11.00, прыбыццё а 16:00, сустрэча з берасцейскімі «ваўкамі», паход на Берасцейскую крэпасць. 27.04 - а 8:00 старт ад Берасця на Вроцлаў (праз памежны пераход «Тэрэспаль»)».
Мікіта Семяненка кажа, што ў польскім Тэрэспалі расейскіх байкераў «чакае аб'яднаны міжнародны супраціў беларусаў, палякаў, чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, немцаў і ўкраінцаў». Са слоў актывіста руху «За Свабоду», «дзесяткі беларусаў гатовыя фізічна сустрэць зграю «Начных ваўкоў».
Актывіст заклікае як улады, так і грамадства «перашкаджаць праезду «Начных ваўкоў» не толькі ў краінах Еўразвязу, але і праз Беларусь усімі мажлівымі сродкамі».
Ваяжы байкерскага клуба «Начныя ваўкі» праводзіліся напярэдадні анэксіі Крыма і пачатку вайсковых дзеянняў у Данбасе.