СБУ гатовая пацвердзіць дачыненне Суркова да расстрэлу Майдана
7- 23.04.2015, 18:31
- 25,234
У дзеяннях Уладзіслава Суркова ёсць складнік ваенна-палітычнага ўмяшання ў справы Украіны.
СБУ можа пацвердзіць многія факты, якія маюць датычнасць дарадцы прэзідэнта Расеі Уладзіслава Суркова да дзеянняў улады Віктара Януковіча супраць Майдана зімой 2014 года.
Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Службы бяспекі Украіны Маркіян Лубкіўскі на брыфінгу ў чацвер, паведамляе "Інтэрфакс-Украіна".
"Мы многае з агучаных фактаў можам пацвердзіць ужо сёння. Многія з іх тычацца знаходжання Суркова ва Украіне, і ягонай ролі ў арганізацыі дзеянняў (былой) улады супраць удзельнікаў Майдана. І гэта ўжо было агучана Валянцінам Налівайчанкам", - сказаў ён.
Акрамя таго, адзначыў Лубкіўскі, ва ўкраінскай прэсе была апублікаваная "цікавая інфармацыя", якая для СБУ з'яўляецца "цікавай і новай, і мы яе вывучаем".
Дарадца кіраўніка СБУ паабяцаў, што пры атрыманні дазволу следства, спецслужба будзе інфармаваць аб усіх дэталях дзейнасці Суркова ва Украіне.
Як вядома, 18 лютага кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка заявіў аб датычнасці Суркова да кіраўніцтва групамі снайпераў падчас масавых акцый пратэсту ў Кіеве ў лютым 2014 года.
Ён таксама паведаміў, што ў канцы 2013-га - пачатку 2014 года ў Кіеў прыязджалі тры групы супрацоўнікаў ФСБ для арганізацыі і планавання разгону ўдзельнікаў акцыі пратэсту сталіцы Украіны.
Са слоў кіраўніка СБУ, экс-супрацоўнікі спецпадраздзялення СБУ "Альфа" на допытах далі інфармацыю пра месцазнаходжанне снайпераў, якія цэлілі ў мітынгоўцаў і праваахоўнікаў.
"У рамках гэтай справы ёсць пасады, прозвішчы, копіі пашпартоў, даты іх уезду-выезду, якой сувяззю яны карысталіся, у якіх памяшканнях знаходзіліся, як дарадца прэзідэнта Пуціна Суркоў імі кіраваў у Кіеве", - сказаў Налівайчанка.
Пасля ён паведаміў, што ў дзеяннях Суркова ёсць складнік ваенна-палітычнага ўмяшання ў справы Украіны з мэтай звяржэння дзяржаўнага ладу.
Налівайчанка таксама назваў прозвішчы генералаў і афіцэраў ФСБ РФ, якія летась падчас масавых пратэстаў у Кіеве прыязджалі ва Украіну з мэтай звяржэння дзяржаўнага ладу.
18 сакавіка 2015 начальнік Галоўнай следчай управы СБУ Васіль Воўк заявіў, што СБУ ўжо перадала Генпракуратуры матэрыялы расследавання злачынстваў, учыненых падчас Рэвалюцыі годнасці, у якіх, прынамсі, фігуруе дарадца прэзідэнта РФ Суркоў.
Дэпутат ад БПП Сяргей Лешчанка заяўляў, што Суркоў прылятаў у Кіеў увечары 20 лютага 2014 года, калі снайперы ўжо забілі больш за 70 пратэстоўцаў на Майдане, і прабыў адзін дзень.