25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэкрэт аб «дармаедах». Як ён будзе працаваць?

166
Дэкрэт аб «дармаедах». Як ён будзе працаваць?

Дэкрэт аб «дармаедах» увайшоў у дзеянне. Хто і як будзе плаціць новыя зборы?

Адказы на галоўныя пытанні, выкліканыя новым законам, падаюць «Беларускія навіны».

1. Што здарылася?

Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб «дармаедах». Гэта значыць, што тых, хто не працуе і не плаціць падаткі, будуць штрафаваць.

2. Як улады тлумачаць неабходнасць такога дэкрэта?

Улады ўважаюць за несправядлівае, калі людзі, да прыкладу, бясплатна ходзяць у паліклініку, але пры гэтым нідзе афіцыйна не працуюць, гэта значыць, не плацяць падаткі.

3. А гэта законна - прымушаць чалавека працаваць?

У Канстытуцыі няма наўпроставага ўказання, што грамадзянін абавязаны працаваць, але ёсць артыкул, дзе прапісана, што чалавек павінен плаціць падаткі. Хоць, калі разабрацца, «дармаеды» таксама плацяць падаткі. Напрыклад, ПДВ - калі купляюць у краме прадукты.

4. Каго будуць уважаць дармаедамі?

Тых, хто не плаціць падаткі з даходаў або плаціць іх менш за 183 дні цягам каляндарнага года. Прычым, гэта неабавязкова толькі грамадзяне Беларусі, але таксама замежнікі, якія атрымалі дазвол на сталае пражыванне ў Беларусі, і асобы без грамадзянства.

5. І што ім пагражае?

«Дармаедам» прыйдзецца раз у год заплаціць збор у 20 базавых адзінак (3,6 млн рублёў). Калі ж чалавек працаваў хоць нейкі час за год, то ўлады падлічаць, колькі падаткаў ён заплаціў, і на гэтую суму паменшаць збор. Сабраныя грошы пойдуць у раённыя і гарадскія бюджэты.

6. Калі трэба будзе заплаціць збор?

Да 15 лістапада наступнага года. Падатковая інспекцыя павінна пісьмова паведаміць пра гэта. Але калі пайсці ў падатковую самому, можна зэканоміць 10% (360 тысяч рублёў). Толькі трэба гэта зрабіць да 31 траўня 2016 года. А збор аплаціць да 1 ліпеня 2016 года.

7. А калі не заплаціць?

Тады аштрафуюць на суму ад 2 да 4 базавых адзінак (ад 360 тысяч да 720 тысяч рублёў) або прысудзяць адміністрацыйны арышт. Пры гэтым «на сутках» прыйдзецца працаваць - прыбіраць смецце або месці вуліцы. Адбыццё арышту прыраўноўваецца да выплаты збору.

8. А як будуць шукаць дармаедаў?

Гэта будзе рабіць падатковая. Яна будзе параўноўваць выдаткі і даходы беларусаў. Інфармацыю аб даходах падатковая атрымае ад іншых дзяржаўных органаў. Напрыклад, ДАІ паведаміць аб пастаўленым на ўлік аўтамабілі. Калі чалавек выдаткоўвае больш, чым зарабляе, то ён павінен будзе пісьмова растлумачыць гэта.

9. А хто не будзе плаціць збор?

Дзеці і пенсіянеры, інваліды і недзеяздольныя, вайскоўцы і рэзервісты падчас збораў, адвакаты і натарыусы, рамеснікі і фермеры, манахі і святары, паэты, музыкі і мастакі, якія знаходзяцца ў саюзах, уладальнікі аграэкасядзіб і афіцыйныя беспрацоўныя, студэнты і зняволеныя, сезонныя рабочыя, якія адпрацавалі ўстаноўлены перыяд, бацькі і маці, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, траіх і больш дзяцей або дзіця-інваліда.

10. А калі я працую пазаштатна?

Калі ваш даход ад выкананай паводле дамовы працы складае не менш за 70 базавых адзінак (12,6 млн рублёў) і вы заплацілі падаходны падатак не менш за 20 базавых адзінак (3,6 млн рублёў), то прэтэнзій да вас быць не павінна.

11. А калі я жыву за кошт асабістага агарода?

Тады збор не трэба плаціць, толькі трэба ўзяць даведку пра гэта ў сельсавеце і падаць яе ў падатковыя органы.

12. А калі я не магу знайсці працу?

Мабыць, вам усё ж прыйдзецца яе знайсці проста дзеля таго, каб дзесьці лічыцца. Альбо стаць на ўлік як афіцыйны беспрацоўны, тады працу вам будзе шукаць дзяржава.

13. Калі дэкрэт увойдзе ў дзеянне?

Дакумент падпісаны 2 красавіка, але ўвайшоў у дзеянне прамінулай датай - з 1 студзеня, каб ахапіць увесь гэты каляндарны год.

Напісаць каментар 166

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках