Леанід Злотнікаў пра падатак на «дармаедаў»: Гэта нонсэнс
69- 3.04.2015, 11:45
- 64,215
Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што дэкрэт істотна змяняе ролю дзяржавы ў жыцці грамадзян.
Пра гэта ён заявіў «Радыё Свабода».
«Адбылося нешта значнае, што мяняе асновы нашага існавання. Нават цяжка зразумець, што адбываецца. Дзяржава прад'явіла сваё права дыктаваць чалавеку, як жыць, што рабіць. Гэта нагадвае жудасныя ўтопіі, якія малявалі аб сацыялістах і камуністах.
Канстытуцыя дае права Лукашэнку прымаць усякія ўказы. Заўтра ён можа прыняць указ, што беларусам трэба з'явіцца куды-небудзь са сваёй вяроўкай і са сваім мылам. Так што, ён мае права і на такія ўказы?
Гэта ж тычыцца самога жыцця людзей, якія нічога не парушаюць у гэтай дзяржаве. Гэта значыць, гаворка ідзе пра замах на асновы жыцця людзей. Калі прымаецца такі дакумент? Калі наспявае масавае беспрацоўе. Калі ты павінен быць зарэгістраваны і хадзіць на грамадскія працы. Эканоміка развальваецца, і масы людзей трэба будзе пасылаць на ўсялякую працу, каб ім не прыйшло ў галаву страйкаваць і бунтаваць. Гэта наогул выходзіць за межы нармальных чалавечых стасункаў», - адзначыў экспэрт.
Нагадаем, учора Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб «дармаедах». Беспрацоўныя цяпер будуць выплачваць збор у памеры 20 базавых адзінак, інакш - арышт.