«Вясна» патрабуе скасавання артыкула 411 КК, праз які пераследуюць палітвязняў
4- 3.04.2015, 16:07
- 10,869
Праваабаронцы далей намагаюць на тым, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно і тое ж дзеянне.
Адпаведны зварот праваабарончы цэнтр «Вясна» накіраваў у «палату прадстаўнікоў» 3 красавіка ад імя кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага. Перад дэпутатамі «ставіцца пытанне аб выключэнні з Крымінальнага кодэкса артыкула 411 «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі».
Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на праблему гэтага артыкула ў крымінальным заканадаўстве, аднак шырокі рэзананс ён атрымаў у сувязі з выкарыстаннем яго супраць палітычных зняволеных.
Абгрунтоўваючы патрэбу скасавання артыкула 411 Крымінальнага кодэкса, экспэрты апелююць да такой прававой з'явы як дысцыплінарная прэюдыцыя. Яе сутнасць палягае ў тым, што дзеянне становіцца злачынствам, калі яно здзейсненае цягам года пасля накладання спагнання за такое ж парушэнне. Пры гэтым экспэрты падкрэсліваюць, што злачынства - гэта не сума такіх правінаў.
Гэта значыць, закладзены ў артыкуле 411 КК склад злачынства фактычна злачынствам не з'яўляецца, бо не мае такой асноўнай уласцівай для злачынства рысы як грамадская небяспека. «Гэты склад злачынства - адзіны выпадак згодна з заканадаўствам Беларусі, калі ўмовай крымінальнай адказнасці з'яўляецца дысцыплінарная прэюдыцыя, то бо здзяйсненне дысцыплінарных праступкаў. Аднак агульнапрынятай з'яўляецца тэндэнцыя адмовы нават ад адміністрацыйнай прэюдыцыі як умовы крымінальнай адказнасці», - тлумачаць праваабаронцы ў звароце, нагадваючы аб шырока вядомым прынцыпе правоў чалавека і крымінальнага права «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне.
Нягледзячы на тое, што гэты прынцып замацаваны і ў Крымінальным кодэксе Беларусі, пакаранне паводле артыкула 411 прызначаецца за тыя ж правіны, за якія асуджаныя ўжо панеслі пакаранне ў дысцыплінарным парадку. (Напрыклад, за нейкія акты непадпарадкавання адміністрацыі асуджаны атрымліваў спагнанні ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА або ПКТ, а пасля - у выніку асуджэння паводле артыкула 411 - за тыя ж акты непадпарадкавання атрымаў яшчэ і дадатковы тэрмін зняволення). Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў такім выпадку пазбаўленне волі (а гэта адзіны прадугледжаны артыкулам 411 від пакарання) супярэчыць прынцыпам крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці - справядлівасці і гуманізму. Тым больш, што нават за больш цяжкія злачынствы, учыненыя асуджанымі да пазбаўлення волі, можа прызначацца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі (штраф, грамадскія, папраўчыя работы, абмежаванне волі).
Праблема ўскладняецца яшчэ і тым, што спагнанні за парушэнні, пералічаныя ў артыкуле 411, накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній - афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага і выбарчага прымянення артыкула 411 - напрыклад, супраць непажаданага для адміністрацыі папраўчай установы зняволенага або пры палітычным матыве ўладаў.
Сцвярджаючы аб адвольным характары пазбаўлення волі за непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, хай і злоснае, праваабаронцы настойваюць: «Вінаватыя асобы павінны несці адказнасць, абмежаваную захадамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых захадаў, прадугледжаных крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, у дастатковай ступені шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары. Адпаведна, артыкул 411 павінен быць выключаны з Крымінальнага кодэкса».
Таксама гэты артыкул супярэчыць пункту 7 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які абвяшчае, што «ніхто не павінен быць другі раз судзімы або пакараны за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны ці апраўданы ў адпаведнасці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны».
У дадатак экспэрты «Вясны» звяртаюць увагу на тое, што прынцып гуманізму непарыўна звязаны з ідэяй справядлівасці. «Пакаранне або іншыя захады адказнасці, прызначаныя асобе, не павінны быць залішне жорсткімі, разлічанымі выключна на застрашванне іншых патэнцыйных вінаватых. Нельга дамагацца мэтаў агульнага папярэджання злачынстваў, празмерна караючы некаторых асоб. Даўно вядома, што эфектыўнасць крымінальнай палітыкі палягае не ў яе калянасці, а ў забеспячэнні няўхільнасці адказнасці», - падкрэсліваецца ў звароце.