«Дэкрэт аб дармаедах» парушае мінімум пяць артыкулаў Канстытуцыі
205- 9.04.2015, 12:23
- 140,163
Юрысты налічылі цэлы спіс прычын, паводле якіх Дэкрэт №3 трэба скасаваць.
Пералік законаў і міжнародных нормаў, парушаных гэтым дакументам, адпраўлены ў «палатку». Пра гэта распавёў «Еврорадио» юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Зміцер Чарных.
«Мы думаем, што можна казаць як мінімум аб пяці артыкулах Канстытуцыі, якім супярэчыць Дэкрэт №3», - заявіў ён.
1. Артыкул 41 Канстытуцыі Беларусі, частка 4. Гарантуе беларусам права на працу, але забараняе прымусовую. Гэта значыць прызнае права беларусаў не працаваць.
2. Беларусь уступіла ў Міжнародную арганізацыю працы, ратыфікавала Канвенцыю аб прымусовай працы №29, Канвенцыю аб забароне прымусовай працы №105. Паводле Канвенцыі №29, «прымусовая праца азначае любую працу або службу, якую патрабуюць ад асобы пад пагрозай пакарання, для выканання якой асоба не прапанавала сваіх паслуг добраахвотна».
Тое ж самае прапісана ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Яны ратыфікаваныя Беларуссю.
3. Апраўдваць Дэкрэт №3 абавязкам грамадзян Беларусі «браць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў», прапісаным у 56 артыкуле Канстытуцыі, нельга. Юрысты БХК называюць гэта падменай паняццяў. «Канстытуцыя і Падатковы кодэкс маюць на ўвазе абавязковую выплату дзяржаўных падаткаў з пэўных відаў дзейнасці», - кажуць яны. Іншымі словамі, грамадзяне Беларусі абавязаныя выплачваць падатак пры звароце ў суд або мытны, але ніяк не падатак на дармаедства.
4. Артыкул Канстытуцыі 101. Згодна з ім Дэкрэт №3 з'яўляецца часовым і прымаецца толькі ў выпадку «асаблівай неабходнасці». Аднак у тэксце Дэкрэта аб «асаблівай неабходнасці» няма ні слова, што таксама з'яўляецца парушэннем.
5. Артыкул 67 Закона «Аб нарматыўных прававых актах» забараняе кіраўніку дзяржавы прымаць дэкрэты і ўказы са зваротнай сілай. Тое ж самае гаворыцца ў артыкуле 101 Канстытуцыі. Юрыст Зміцер Чарных удакладняе, што зваротная сіла дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі новы закон палягчае становішча грамадзян. Так было, напрыклад, з новым Крымінальным кодэксам, прынятым у 1999 годзе.
6. Зноў Канстытуцыя: кіраўнік краіны «не мае права сваімі актамі абмяжоўваць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян».
7. Артыкул 56 Канстытуцыі абавязвае «браць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў выключна грамадзян Рэспублікі Беларусь». Дэкрэт №3, нагадаем, абавязвае плаціць «за дармаедства» таксама і тых жыхароў краіны, якія не маюць грамадзянства Беларусі.
8. Артыкул 32 Канстытуцыі абавязвае бацькоў выхоўваць сваіх дзяцей. На думку экспертаў БХК, Дэкрэт №3 абмяжоўвае магчымасці бацькоў, прымушаючы іх ісці на працу, як толькі дзіцяці спаўняецца 7 гадоў.
9. Яшчэ раз 32 артыкул Канстытуцыі. Ён таксама абавязвае дзяцей клапаціцца пра сваіх бацькоў. Артыкул 100 Кодэкса аб шлюбе і сям'і наўпрост абавязвае дзяцей утрымліваць сваіх недзеяздольных бацькоў. Юрысты звяртаюць увагу на тое, што ў Дэкрэце «аб дармаедах» няма ні слова аб вызваленні ад выплаты падатку для тых, хто вымушаны глядзець сваіх бацькоў і не працуе з гэтай нагоды.
10. Права на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Таксама прапісана ў Канстытуцыі. БХК мяркуе, што збор, апрацоўка і захоўванне інфармацыі пра «дармаедаў» падчас складання іх базы можа дазволіць уцечку прыватнай інфармацыі, і звяртае ўвагу на тое, што тэкст Дэкрэта №3 не гарантуе абароны гэтых асабістых звестак.
Юрысты накіравалі зварот да «дэпутатаў», дзе называюць Дэкрэт №3 неканстытуцыйным. «Згодна з заканадаўствам, тэкст Дэкрэта №3 павінен быў быць накіраваны адміністрацыяй кіраўніка краіны ў палату прадстаўнікоў цягам трох дзён пасля падпісання. Дэпутаты павінны яго зацвердзіць. Вось мы і спрабуем неяк паўплываць на іх пастановы, пералічыць усе супярэчнасці», - кажа юрыст Зміцер Чарных.