Транспарант «Свабоду палітвязням» правісеў над трасай Менск-Масква больш за дзень
- 19.05.2015, 9:08
- 7,759
Банер заўважылі прадстаўнікі дэлегацыі КНР.
12 траўня актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў адбыў сем дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікеце каля Кургана Славы. За 6 гадзін да вызвалення са Смалявіцкага ізалятара часовага ўтрымання яго адвезлі на новы суд - за расцяжку «Свабоду палітвязням». З довадам яго ўдзелу ў акцыі міліцыя мела толькі звесткі, што тэлефон Леаніда Кулакова «прысутнічаў» у тым месцы. Актывіст казаў, што ён проста падвозіў ў аэрапорт знаёмага. Але суд наважыў, што ён яшчэ і дапамог вывесіць на пуцеправодзе расцяжку «Свабоду палітвязням». У выніку актывіста аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Леанід Кулакоў распавёў «Радыё Свабода» аб падрабязнасцях справы.
«Мяне судзілі за расцяжку «Свабоду палітвязням», якая больш за суткі правісела на трасе Менск - мяжа з Расеяй, на пуцеправодзе над дарогай у аэрапорт, - адзначыў ён. - Міліцыянты распавялі, што расцяжку ўбачылі кітайцы. У выніку за яе пакаралі «вельмі сур'ёзных» людзей. Не ведаю, каго дакладна - міліцыянтаў ці вертыкальшчыкаў - мне так сказалі ў Смалявіцкім РУУС. За гэта трэба было кагосьці пакараць, і тут падпалі звесткі аб маім тэлефоне ў раёне аэрапорта. Мяне затрымалі ў Менску падчас працы і прывезлі ў Смалявічы. У міліцыі я заявіў, што ў такой справе, як вывешванне такой расцяжкі, дапамог бы любому».
Да суда Леанід Кулакоў адбыў 7 дзён у склепе Смалявіцкага РУУС - у ізалятары часовага ўтрымання. Ён распавёў пра ўмовы ў ім.
«Жудасныя - іншага слова не падбярэш. Дзённага святла няма, толькі праз шчыліну над акном даведаешся, што прыйшоў дзень, ноччу спаць немагчыма, таму што жалезныя ложкі пакрытыя жалезнымі пласцінкамі, на якіх не паляжыш і 10 хвілін. Холадна, як зімой, і жудасны пах. У прыбіральню не водзяць і трэба хадзіць па патрэбам ў вядро. Праз гэты пах немагчыма харчавацца, мяне ў першыя дні ванітавала. Сядзеў разам з хлопцам, які ў другой камеры пазнаёміўся з двума менчукамі. Іх у Смалявічы прывезлі адбываць пакаранне з Менска. Тыя казалі, што напярэдадні 9 траўня ўся турма на Акрэсціна была забітая пад завязку, і таму шмат арыштантаў адпраўлялі сядзець у раённыя ІЧУ. Так зачысцілі горад перад святамі, каб не псавалі «прыгожую карцінку». Сотні затрыманых і асуджаных забяспечылі «адпачынак тысячы грамадзян», - кажа ён.