Дзярждэп ЗША патрабуе вызваліць беларускіх палітвязняў
8- 19.05.2015, 15:07
- 44,650
ЗША зноў заклікалі беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама паважаць іх палітычныя правы.
Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Такая заява змяшчаецца ў паведамленні Дзярждэпартамента ЗША паводле вынікаў перамоваў у Вашынгтоне з дэлегацыяй МЗС Беларусі.
«Мы таксама заклікалі Беларусь ужыць захады ў правядзенні сваіх будучых выбараў у адпаведнасці са стандартамі БДІПЧ АБСЕ. Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў падтрымцы беларускага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці», - гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамлялася раней, 14 траўня дэлегацыя МЗС Беларусі ў складзе начальніка галоўнай управы шматбаковай дыпламатыі Юрыя Амбразевіча, начальніка ўправы Амерыкі Алега Краўчанкі і часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША Паўла Шыдлоўскага сустрэлася ў Вашынгтоне з намеснікам памочніка дзяржсакратара ў еўрапейскіх і еўразійскіх справах Эрыкам Рубінам, в.а. намесніка памочніка дзяржсакратара ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Філіпам Капланам, намеснікам памочніка адміністратара Агенцтва ЗША міжнароднага развіцця Джанатанам Кацам і іншымі прадстаўнікамі Дзярждэпартамента для абмеркавання тэматыкі правоў чалавека.
У паведамленні прэс-службы МЗС Беларусі паведамлялася, што на сустрэчы былі абмеркаваныя вынікі праходжання ЗША і Беларуссю другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду абавязанняў дзвюх краін у Радзе ААН правоў чалавека, а таксама атрыманыя імі рэкамендацыі; будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і абавязанні дзвюх краін у рамках АБСЕ.
«Бакі пагадзіліся прадоўжыць абмеркаванне тэматыкі правоў чалавека, што з'яўляецца элементам намаганняў для пашырэння двухбаковых стасункаў», - гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Аб закліках ЗША вызваліць палітвязняў, што прагучалі на сустрэчы, прэс-служба беларускага МЗС не паведамляла.
Цяпер у Беларусі за кратамі знаходзіцца шэсць палітзняволеных: Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Юрый Рубцоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка. Палітычныя вязні стала зазнаюць ціск, а таксама пагаршаюцца варункі іх утрымання.