Заробак палітвязня Пракапенкі складае 50 тысяч беларускіх рублёў
2- 11.06.2015, 11:38
- 9,096
8-9 чэрвеня адбылося доўгатэрміновае спатканне палітвязня Арцёма Пракапенкі з бацькамі.
Доўжылася яно фактычна менш за 24 гадзіны - з 15 гадзін дня да 11 гадзін раніцы наступнага.
У час сустрэчы Арцём адзначыў, што ўмовы ўтрымання пагоршыліся: калонія перапоўненая, замест 10 чалавек на 24 кв м, цяпер на той жа плошчы ўтрымліваецца 12 чалавек. У гэты момант палітычны зняволены працуе аператарам станка для вырабу цеплавых труб і атрымлівае 50 000 беларускіх рублёў на месяц.
"Раней дзесьці я чытала, што сярэдні заробак у калоніях 800 тысяч беларускіх рублёў, а ў яго атрымліваецца 50 тысяч. Раней ён зарабляў 20 000, цяпер 50 000 і гэта разглядаецца як адзін з вялікіх заробкаў", - распавядала маці палітвязня.
На здароўе Арцём Пракапенка не скардзіцца.
Нагадаем, палітвязень Арцём Пракапенка падаў прашэнне прэзідэнту краіны аб памілаванні яшчэ ў лютым 2015 года. Раней Аляксандр Лукашэнка публічна заяўляў, што «будзе зварот - будзе мой подпіс». Але 17 красавіка 2015 Арцём Пракапенка патэлефанаваў родным з магілёўскай калоніі і паведаміў, што яму адмовілі ў прашэнні без тлумачэння прычын.
"Арцём Пракапенка, асуджаны разам з Паўлам Сырамолатавым і Яўгенам Васьковічам на 7 гадоў пазбаўлення волі за спробу зняць на відэа акцыю ля бабруйскага КДБ у 2010 годзе, як і астатнія палітвязні, заўсёды меў статус злоснага парушальніка рэжыму. На Арцёма ціснулі з тым, каб ён напісаў заяву на памілаванне, як гэта зрабіў Павел Сырамалотаў у 2012 годзе і ў выніку чаго быў вызвалены. Надоечы Арцём пагадзіўся на такі крок на просьбу бацькоў, але атрымаў адмову, што сведчыць пра змены ў палітычнай волі што да лёсу палітвязняў у параўнанні з сітуацыяй 2012 года", - каментуе сітуацыю юрыстка праваабарончага цэнтра "Вясна" Наста Лойка.