24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Рубцоў спыніў галадоўку, але будзе абскарджваць прысуд

3
Палітвязень Рубцоў спыніў галадоўку, але будзе абскарджваць прысуд
Юры Рубцоў

Юры Рубцоў мае намер і далей абскарджваць прысуд у два гады пазбаўлення волі, які вынес яму Пружанскі раённы суд паводле абвінавачвання ў адмове ад адбыцця «хіміі».

24 ліпеня Берасцейскі абласны суд касацыйную скаргу палітвязня не задаволіў, і такім чынам прысуд увайшоў у дзеянне, паведамляе «Радыё Свабода».

«Муж пракаментаваў так, што іншага і не чакаў, але не збіраецца скарацца і будзе падаваць скаргу далей, у Вярхоўны Суд. Ён па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым», - паведаміла жонка актывіста Ядвіга Рубцова. Яна спаслалася на звесткі ад адваката, якая 24 ліпеня наведала Юрыя Рубцова ў баранавіцкім следчым ізалятары.

Паводле звестак Ядвігі Рубцовай, яе муж галадоўку спыніў больш за тыдзень таму. «Адвакат сказала, што выглядае нармальна, на стан здароўя не скардзіцца. А што тычыцца ўмоў утрымання, то ўжо рыхтуецца да іншага месца», - паведаміла жонка актывіста.

Куды накіруюць Юрыя Рубцова для адбыцця пакарання, пакуль невядома. «Хацелася б, каб куды бліжэй да Гомеля, але сумняваюся. Калі яго накіроўвалі на «хімію», то мы прасілі накіраваць бліжэй да дома, але адправілі як мага далей. Але ўсё роўна напішу заяву», - сказала Ядвіга Рубцова.

Нагадаем, што грамадскі актывіст Юры Рубцоў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання «хіміяй». У спецкамендатуры «Куплін», куды Рубцова накіравалі на 1,5 гады за «абразу» суддзі Савецкага раёна горада Менска Кірыла Палулеха, ён «адмаўляўся працаваць». Сам Рубцоў усудзе казаў, што не адмаўляўся працаваць наогул, але не згаджаўся з прапанаванымі яму працамі, заробак на якіх быў ніжэйшы, чым сярэднемесячны ў краіне. «Лукашэнка абяцаў усім па 600 даляраў заробку, але падмануў», - казаў Рубцоў у апошнім слове на працэсе.

Да «хіміі» Юры Рубцоў быў прысуджаны за тое, што нібыта абразіў суддзю, які пагадзіўся судзіць яго. Напярэдадні яго затрымалі за нашэнне цішоткі з заклікам «Лукашэнка, сыходзь», сарвалі з яго майку і распранутага прывезлі ў суд. Падчас адбыцця «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе на грудзях тату з тымі ж словамі - «Лукашэнка, сыходзь».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках