Палітвязень Юрый Рубцоў зноў абвясціў галадоўку
3- 9.07.2015, 18:51
- 12,056
З 1 ліпеня Юрый Рубцоў галадае на знак пратэсту супраць абыходжання з ім і ўмоў утрымання ў Баранавіцкім следчым ізалятары.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла жонка палітвязня Ядзвіга Рубцова.
«Сёння мужа наведала адвакат і вось толькі нядаўна мне патэлефанавала. Выявілася, з 1 ліпеня ён зноў галадае. Пратэстуе супраць умоў у ізалятары і таго, як з ім там абыходзяцца. Адчувае сябе і выглядае як быццам яшчэ нармальна, але гэта, мабыць, толькі таму, што галадоўка доўжыцца ўсяго 9 дзён. Для мяне гэта вельмі балючая навіна. Да яго галадоўкі ў ізалятары ставяцца пакуль стрымана, але ўжо пагражаюць, што пакараюць карцэрам, калі будзе далей прадаўжаць», - сказала Ядзвіга Рубцова.
Адвакат палітвязня паведаміла пра прычыны, якія выклікалі пратэст.
«Як казаў Рубцоў, доўгі час тут былі перапынкі са шпацырамі, яму давялося нават скардзіцца. Таксама ён скардзіўся на тое, што яго абмежавалі ў куплі прадуктаў у турэмнай краме. Яшчэ яму ўжо некалькі разоў, як ён кажа, даказвалі, што ў яго ёсць нейкія парушэнні, хоць афіцыйных прэтэнзій не выстаўлялі, аднак пагражалі змясціць у СІЗА. Але галоўнае, што яго «закранула» - гэта тое, што даводзіцца падымацца, калі ў камеру ўваходзіць хто-небудзь з ахоўнікаў. Кажа, што «вымушаны сядзець у камеры, якая як прыбіральня, дык яшчэ і кланяцца кожнаму прапаршчыку». Аднак ён не ўважае сябе за вінаватага. Вось гэта ўсё для яго сышлося, і ў выніку ён абвясціў галадоўку. Прычым афіцыйна пра галадоўку нічога тут не гавораць. У выніку мы разам з ім селі, склалі скаргу на дзеянні ахоўнікаў і накіравалі на імя начальніка ўстановы, каб разабраліся ў прычынах ягонга пратэсту. Але таксама я папрасіла яго, каб ён быў больш стрыманы, больш думаў і пра сваё здароўе, якое ўжо не найлепшае пасля леташняй галадоўкі. Спадзяюся, гэта падзейнічае. Але пакуль ён галадоўку прадаўжае», - паведаміла адвакат.
Са слоў адваката, на 24 ліпеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Юрыя Рубцова на прысуд Пружанскага раённага суда, які прысудзіў былога «хіміка» Рубцова за адмову працаваць двума гадамі зняволення. Скаргу Рубцова разгледзіць Берасцейскі абласны суд.
Юрый Рубцоў не прызнае віны і кажа, што не адмаўляўся працаваць на «хіміі» зусім, а толькі патрабаваў, каб яму далі працу з заробкам, адпаведным сярэдняму па Беларусі. Да працэсу ў Пружанскім раённым судзе Юрый Рубцоў трымаў галадоўку, патрабуючы адкрытага працэсу і спынення пераследу. Тады палітвязень галадаў блізу 50 дзён і схуднеў больш чым на 20 кілаграмаў. З Баранавіцкага следчага ізалятара, дзе Рубцова трымаюць пасля суда, ён скардзіўся на дрэннае харчаванне.
У 2014 годзе Юрый Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за абразу суддзі Савецкага раённага суда Менска Кірыла Палулеха. Суддзя пагадзіўся судзіць актывіста паўапранутым - напярэдадні, пасля Чарнобыльскага шэсця, міліцыянты адабралі ў Рубцова цішотку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».
Падчас адбыцця «хіміі» ў спецкамендатуры Куплін Пружанскага раёна Юрый Рубцоў зрабіў сабе тату на грудзях з тым жа тэкстам - «Лукашэнка, сыходзь».