Мікалай Статкевіч: Заява Лукашэнкі - чарговая спроба вытаргаваць нейкія бонусы
3- 12.08.2015, 15:00
- 18,491
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, палітвязень Мікалай Статкевіч, якому 12 жніўня спаўняецца 59 гадоў, патэлефанаваў сёння сваёй жонцы Марыне Адамовіч.
Як паведаміла Адамовіч БелаПАН, ён пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасці ягонага датэрміновага вызвалення.
4 жніўня Лукашэнка заявіў, што пытанне пра Статкевіча можа быць развязанае найбліжэйшым часам. "Я не стану хітраваць, гэтае пытанне на парадку дня. Развязаць гэта магу толькі я. Але я не вызначыўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытанне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. Найбліжэйшым часам вы будзеце пра гэта ведаць", - сказаў ён.
"Мікалай сказаў, што гэта падобна да аб'яву ў газеце "З рук у рукі". На ягоную думку, гэтая заява - чарговая спроба вытаргаваць нейкія бонусы і крэдыты", - сказала жонка зняволенага палітыка.
Статкевіч таксама паведаміў, што да яго не даходзяць віншавальныя лісты. "На сёння ёсць віншавальны ліст ад амерыканскай амбасады і тры тэлеграмы. Хутчэй за ўсё, віншаванні проста прытрымваюць. Ад тых людзей, якія мне асабіста паведамлялі, што адправілі лісты ў турму, я ведаю, што іх павінна быць значна больш", - адзначыла Марына Адамовіч.
Статкевіч сказаў, што ведае пра кампанію салідарнасці, запушчаную ў сацсетках да дня ягонага нараджэння - сёння ў "Фэйсбуку" карыстальнікі размяшчаюць для зняволенага палітыка фатаграфіі неба, якое ён не бачыць у турэмнай камеры.
Гэта ўжо пяты дзень нараджэння, які Мікалай Статкевіч адзначае за кратамі.