Пяць фактаў пра верхавода БРСМ, які накінуўся на Дашкевіча
133- 8.11.2016, 8:52
- 47,042
Ганебных старонак у біяграфіі гэтага персанажа дастаткова.
7 лістапада другі сакратар цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Клішэвіч накінуўся на лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча на цырымоніі адкрыцця помніка Леніну ля прахадной МТЗ.
У 2010-м Клішэвіч радаваўся, што міліцыя збіла Някляева, які так і не дайшоў да Плошчы. Naviny.by распавядаюць, чым яшчэ знакаміты гэты грамадскі дзеяч.
1. Адсочваў, хто з аднакурснікаў ходзіць на апазіцыйныя мітынгі
Сяргей Клішэвіч вучыўся на гістфаку БДУ. Яго аднагрупнікам быў Эдуард Пальчыс — той самы блогер Джон Сільвер, якога суд нядаўна прызнаў вінаватым у распальванні варожасці за антырасейскія публікацыі ў блогу.
«Тое, што ён далёка пойдзе па кар'ернай лесвіцы, было зразумела яшчэ з першага курса, — напісаў пра Клішэвіча Пальчыс у сацсетках. — Сяргей максімальна падлізваўся да начальства, ездзіў на апазіцыйныя мітынгі выглядваць сваіх таварышаў па вучобе».
Журналіст Кастусь Шыталь таксама вучыўся з Клішэвічам у адной групе. Вось што ён піша пра яго ў сацсетках: «Клішэвіч ужо на першым курсе стаў актыўнічаць у БРСМ. Ён неяк прызнаўся... таму што хоча зрабіць кар'еру. У другім семестры, як раз на 25 сакавіка, была арганізавана дыскусія. Штосьці накшталт: «Ці была БНР беларускай дзяржавай ці не?» Клішэвіч пачаў выступаць, што БНР не дзяржава, што яны служыла немцам і г. д. А я пазнаў, што ён амаль даслоўна цытуе леташні артыкул з «Савецкай Беларусі». І пад агульны смех гэта сказаў. Канчаткова пасадзілі ў лужыну Клішэвіча старшакурснікі: задалі пару пытанняў, а высветлілася, што ён нічога толкам і не ведае. Потым ён пачаў казаць пра бел-чырвона-белы сцяг, што народ на рэферэндуме 95-га ад яго адмовіўся. А адзін з выкладчыкаў сказаў яму: «А што вы на рэферэндум спасылаецеся, калі ён быў нелегітымны?» Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Клішэвіч, казалі, хадзіў і вынюхваў, хто са студэнтаў быў на Плошчы — і здаваў у дэканат».
Са слоў аднакурснікаў, Сяргей Клішэвіч ужо тады быў перакананым камуністам. Характэрна, што яму было крыху больш за год, калі разваліўся Савецкі Саюз. Вядома, што навуковая праца Клішэвіча прысвечана камсамольскаму руху.
У Камуністычнай партыі Беларусі ён адказвае за працу з моладдзю. Яшчэ нядаўна яго фота было на сайце ў раздзеле «Кіраўніцтва», аднак цяпер партрэту на гэтай старонцы няма.
2. Засвяціўся на пікеце супраць «Народнай волі»
У 2010 годзе Сяргей Клішэвіч разам з аднадумцамі пратэставаў каля рэдакцыі газеты «Народная воля». Незадаволенасць сябраў БРСМ тады выклікаў артыкул з кнігі Іллі Копылы «Нябышына. Вайна», у якой распавядаецца пра дзейнасць савецкіх партызан у Бягомльскім раёне падчас нямецкай акупацыі.
Брсмаўцы трымалі ў руках плакаты: «Яны перамаглі! А вы хлусіце», «Народная? Воля?». Клішэвіч стаяў у цэнтры, з георгіеўскай стужкай на пінжаку.
За тыдзень да гэтага рэдакцыю пікетавалі ветэраны вайны.
3. Дасканала валодае беларускай мовай
Сяргей Клішэвіч свабодна гаворыць на беларускай, на гістфаку ён вучыўся ў беларускамоўнай групе. У інтэрв'ю заяўляў, што БРСМ актыўна займаецца праблемай нацыянальнага адраджэння і вяртання традыцый. Брсмаўцы падтрымалі вышыванку, калі яна ўжо стала трэндам.
4. Клішэвіч — другі чалавек у БРСМ, але не ведае суму бюджэту арганізацыі
Сваю задачу пабудаваць кар'еру ў БРСМ Сяргей Клішэвіч, безумоўна, выканаў. У 21 год ён узначаліў суполку ў БДУ. А ў 24 гады стаў другім чалавекам у арганізацыі.
Ён адказвае за студатрады і падрыхтоўку актывістаў да выбараў — прадстаўнікі БРСМ у лідарах па колькасці назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій.
Нягледзячы на тое, што Клішэвіч займае такую высокую пасаду, ён публічна заяўляў, што не ведае, колькі грошай вылучаецца на фінансаванне арганізацыі.
Дзейнасць БРСМ фінансуецца з бюджэту. У частцы выплаты заробкаў — на 100%. Аднак вось ужо некалькі гадоў кіраўніцтва замоўчвае суму датацый. Апошнія звесткі ёсць толькі за 2013 год — тады на БРСМ сышло блізу 4,5 млн даляраў.
5. З асаблівай радасцю ўспрыняў навіну аб тым, што Някляева збілі
19 снежня 2010 года Сяргей Клішэвіч правёў на выбарчым участку ў інтэрнаце №10 БДУ. Ён быў назіральнікам ад БРСМ. Зарэгістраваўся за пару дзён да пачатку галасавання, калі стала зразумела, што незалежных назіральнікаў на гэтым участку «занадта шмат» — чатыры чалавекі.
Яго галоўнай задачай было не дапусціць іх да падліку галасоў. Для гэтага назіральнікі ад БРСМ і іншых дзяржаўных арганізацый сталі шчыльна адзін да аднаго, некаторыя нават узяліся за рукі, загарадзіўшы тым самым падыход да стала.
У гэты час на Кастрычніцкай плошчы, а пазней і плошчы Незалежнасці сталі збірацца ўдзельнікі акцыі пратэсту. У інтэрнэце з'явіліся паведамленні аб тым, што кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў збіты, ён так і не змог сустрэцца са сваімі прыхільнікамі.
Сяргей Клішэвіч, чаму ёсць сведкі, моцна радаваўся гэтай навіне. Мы не можам даслоўна перадаць каментар лідара БРСМ, бо лаяўся ён у той момант нецэнзурна.