Актывістка Любоў Санкевіч выкрыла жульніцкія тарыфы на «камуналку»
17- 22.10.2017, 11:14
- 41,626
Пенсіянерка правяла параўнальны аналіз тарыфаў на паслугі ЖКГ за 2010 і 2017 гады.
Бабруйчанка Любоў Санкевіч жыве ў двухпакаёвай кватэры і кожны месяц плаціць за карыстанне жыллёва-камунальнымі паслугамі ладную частку сваёй пенсіі. За ўсе паслугі, разам узятыя, у верасні ёй трэба было аддаць амаль трэць пенсіі - блізу 90 рублёў. Сумы ў рахунку растуць стала, і канца гэтаму не відаць, піша сайт babruysk.by.
У апошнім паведамленні пенсіянерка прачытала, што цяпер яна кампенсуе толькі 69,2% ад сабекошту паслуг. Засумнявалася, а таму наважыла зрабіць падлікі, наколькі «пацяжэў» рахунак за апошнія сем гадоў. Атрыманымі вынікамі падзялілася ў публікацыі ў сацыяльных сетках:
«Што можна казаць пра ўладу, якая хлусіць нахабна?! Нам у рахунках пішуць, што мы плацім за камунальныя толькі 69%! .. А напраўду я параўнала аплату за 2010 год і 2017 год і вось, што атрымалася...»
Паводле разліку былога бухгалтара, выявілася, што без уліку інфляцыі, напрыклад, тарыф аплаты за капітальны рамонт з 2010 года вырас больш чым утрая, каналізацыя - больш чым у 15 разоў, падагрэў вады і вываз смецця дык увогуле сталі даражэйшымі аж больш чым у 107 і 125 разоў, адпаведна!..
«Аб якім такім падвышэнні тарыфаў могуць казаць гэтыя ўлады? Колькі можна з нас піць кроў?!» - абурана пытаецца ў сваёй публікацыі Любоў Міхайлаўна.