25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Годзе з людзей здзекавацца!

71
Генадзь Фядыніч: Годзе з людзей здзекавацца!

Хто хоча, каб беларусы працавалі за «дзякуй»?

Паміж скачком у Нёман водиткіроўцы гарадзенскага тралейбуса і пазовам да начальства работніц птушкафабрыкі «Хальч» у Веткаўскім раёне – адлегласць даўжынёй амаль ва ўсю Беларусь. Але кідаецца ў вочы адна агульная рыса: і кіроўца, і жанчыны на фабрычным канвееры хранічна не дасыпалі. Людзі працавалі па 17-18 гадзін, а ранішняя змена магла ісці адразу пасля вечаровай.

Ці не падобна гэта да пачатку 19-га стагоддзя і працы на першых фабрыках у Еўропе? Сітуацыю з варункамі працы і заробкамі ў Беларусі сайту Charter97.org пракаментаваў старшыня Незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

- Што адбываецца цяпер з правам на 40-гадзінны працоўны тыдзень у Беларусі? Такія выпадкі, як у Гародні ці Ветцы – гэта правіла або выключэнне?

- Хачу сказаць, што гэтыя два факты – толькі нязначная частка ўсяго таго беззаконня і бязладдзя, які адбываецца ў сферы захавання ў нас міжнародных працоўных нормаў. Абодва выпадкі паказальныя: людзі ў Беларусі рэгулярна перапрацоўваюць, а пры гэтым зусім не ведаюць сваіх правоў.

Але гэта і нядзіўна, бо гадамі стваралася кантрактная сістэма, пры якой усе намаганні былі накіраваныя на ператварэнне работнікаў у «новых прыгонных». Людзі звыклі, што ім нават як след не даюць чытаць гэты кантракт.

Такая сітуацыя склалася не толькі ў гандлі, але і ў сферы паслуг, у перапрацоўцы, на прыватных прадпрыемствах. Работнікам даюць падпісаць «кабальны ліст» і далей іх лёс нікога не цікавіць. Адбываецца масавае шальмаванне людзей працы, якіх, як і за прамысловай рэвалюцыяй у Англіі, ужо цэняць менш, чым абсталяванне на заводзе.

- З якімі гісторыямі людзі звяртаюцца ў РЭП? Што вам запомніліся больш за ўсё?

- Калі б я пачаў пералічваць усе вядомыя факты, гэта магло б заняць не адзін дзень. Мы часам жартуем, што неўзабаве самі перастанем спаць і адмовімся ад выходных – настолькі шмат пытанняў наконт парушэнняў нормаў працы трэба разглядаць.

Адзін з самых распаўсюджаных у апошні час прыёмаў: укладаць з работнікамі дамову найму, а потым іх падманваць. Пры гэтым самі дамовы часта і прачытаць як след не даюць. А што? Сітуацыя з працай напружаная, усё адно хтосьці так і пагодзіцца працаваць на кабальных умовах і падпіша непрачытаную паперчыну.

Слова гонару, хочацца сабраць за круглым сталом усіх датычных да гэтага падману народа і сказаць ім проста: «Хлопцы, годзе з людзей здзекавацца!». Няўжо не разумеюць, што яшчэ ні ў каго не атрымлівалася вечна падманваць людзей. Бумеранг заўсёды вяртаўся.

І мы дапаможам яму вярнуцца. Кожнаму, хто звернецца ў прафзвяз РЭП, будзем дапамагаць. І галоўнае – будзем рабіць здабыткам СМІ кожны факт. Даўно праверана: гэтая публіка баіцца пагалоскі. Кот ведае, чыё сала з'еў. Таму публічнага рэзанансу баяцца і ўлады, і наймальнікі несумленныя.

- Што з таго, аб чым мы яшчэ не ведаем, што адбылося ў апошнія дні?

- З «Еўраопта» ў Заслаўі звярнуліся людзі. Прыходзіла цягам дня адразу 15 чалавек. І сёння яшчэ трое звярнулася. Сітуацыя такая: людзям банальна не залічваюць стаж. Атрымліваецца так: чалавек працаваў, працаваў – і ўсё за «дзякуй».

- Вось пра гэтае «дзякуй» хочацца пагаварыць асобна. Фактычна, як вы сказалі, многія перапрацоўваюць. А гэта наогул аплачваецца? Як выглядае сітуацыя з рэальнымі заробкамі?

- Якое там «аплачваецца»?! Як прыгонным давалі абяцанкі-цацанкі, так і для беларусаў прыдумалі байкі. Статыстыка заробку, як і абяцанні «па пяцьсот» - гэта з разраду фантазій.

Узровень дастатку людзей настолькі ўпаў, асабліва ў раённых цэнтрах, што яны ўжо і не ўяўляюць, як выглядаюць гэтыя «па пяцьсот». А гэтыя статыстыкі аб заробку настолькі смеху вартыя, што нават ужо «не грэюць» душу і ўяўленне. Гэта ж фантом, прывід. Усе даўно пераканаліся.

Ёсць статыстыка, ёсць кандыдацкая дысертацыя, а ёсць праўда. І праўда аб заробках у Беларусі значна больш жорсткая, чым тая статыстыка, якую нам даюць пачытаць.

- А калі канкрэтна? Вось статыстыка сцвярджае: блізу 9,5 тысяч чалавек не дацягвалі да пражытковага мінімуму? Гэта адэкватная лічба?

- У разы, у дзясяткі разоў, трэба памнажаць лічбу тых, хто не можа звесці канцы з канцамі.

Сюды ж трэба аднесці тых, хто дзесьці падзарабляе, хто працуе ў паўтары-дзве змены, каб хоць як-небудзь пракарміць сям'ю. Бо гэта ненармальна – столькі працаваць за мінімальнае ўзнагароджанне.

Гэта не можа доўжыцца бясконца.

Нікога не цікавяць лічбы прапагандыстаў. Людзі зазіраюць у партманэт – і бачаць праўду. А з беларускімі коштамі, толькі на прадукты ў аднаго чалавека павінна ляжаць 500 рублёў на месяц – каб ён проста перастаў адчуваць сябе парабкам.

- Такое магчыма за цяперашняй уладай?

- Цяжка сабе такое ўявіць. Бо мы бачым, што акрамя падзення даходаў людзей, якія працуюць, яшчэ некалькі трывожных тэндэнцый: самыя здольныя і здаровыя людзі з'язджаюць працаваць за мяжу, у пенсійным фондзе ўтварылася дзірка як мінімум на $150 мільёнаў, а можа і больш.

А ўлада ўсе гэтыя праблемы ўпарта спрабуе перакласці на людзей. Гэта недапушчальна. Людзі тут невінаватыя. А ўлада акурат – вельмі нават вінаватая

Даўно і бясспрэчна вядома, што гэтая ўлада «не справілася». Беларусі патрэбныя зусім іншыя падыходы, новыя тэхналогіі кіравання краінай.

Сёння стаўленне людзей да ўлады кардынальна памянялася. Усе добра разумеюць, хто вінаваты, у каго «вусы ў смятане». Калі б тыя, хто кіруе краінай, заўтра б сышлі ў адстаўку, не толькі я б з задавальненнем папляскаў ім і сказаў: «Хлопцы, дзякуй вам гаварыць няма за што, але дайце магчымасць пакіраваць іншым».

- Калісьці ў Польшчы людзі аб'ядналіся вакол прафзвязу «Салідарнасць». Цяпер там сярэдні заробак – амаль 1300 даляраў. Ці змогуць беларусы нарэшце аб'яднацца?

- Вельмі спадзяюся на гэта. Вельмі хачу, каб беларускія рабочыя і службоўцы, людзі працы – аб'ядналіся. Сіла і патэнцыял для гэтага ёсць ужо цяпер.

Сёння незадаволеных уладай у дзясяткі, нават у сотні разоў, больш, чым тых, хто ёй задаволены. За намі не толькі праўда, але і абсалютная большасць.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках