Беларускія апазіцыянеры салідарныя з «Забастоўкай выбарнiкаў» у Расеі
2- 28.01.2018, 20:54
- 22,197
Пра гэта заявіў адзін з лідараў «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель выказаў падтрымку расейцам, якія змагаюцца за свабоду.
«Сёння - дзень пратэсту ў Расеі. Страйк выбарцаў прайшоў у дзясятках гарадоў суседняй краіны. Патрабаванні - тыя ж, што і ў беларускай апазіцыі - вярнуць сумленныя і свабодныя выбары. Метады дзеянняў расейскіх уладаў, дарэчы, таксама да болю знаёмыя: блакаванне сайтаў, ператрусы і канфіскацыя тэхнікі журналістаў, затрыманні. І такія ж бессэнсоўныя - на вуліцы ўсё адно выйшлі тысячы расейцаў. Дэманстрацыя ў Маскве прайшла ў цэнтры горада і скончылася ля Белага дома. Затрымана больш за 250 удзельнікаў акцый ва ўсёй краіне. Арыштаваны лідар пратэстаў - Аляксей Навальны.
Як паказалі падзеі апошніх гадоў, дабіць «савок» па-адным у Беларусі, Украіне, Расеі ці іншай постсавецкай краіне складана. Гэты вірус заразны і лёгка распаўсюджваецца нават на здавалася б вычышчаныя ад яго тэрыторыі. Таму беларусы былі на Майдане ў Кіеве. Таму нашы сцягі луналі на вуліцах Масквы падчас «маршаў нязгодных» і «балотных пратэстаў». Таму і сёння мы з вамі, змагары за свабоду Расеі», - заявіў Яўген Афнагель.