Бунт у Берасці: Супраць народа нельга выступаць, трыванне можа і скончыцца
50- 7.01.2018, 12:41
- 178,486
Берасцейцы прадаўжаюць барацьбу за спыненне будаўніцтва кітайскага завода.
Жыхары Берасця збіраюць подпісы супраць распачатага кітайскім выканаўцам «Аньхойскай замежнаэканамічнай будаўнічай карпарацыяй» будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніі «iPower», гаворыцца ў рэпартажы «Белсата».
«Людзі мруць як мухі. Кітайцаў шмат, яны пра сябе пачалі клапаціцца. А колькі нас? Зусім нічога засталося», – кажуць людзі.
Гэткія шкодныя прадпрыемствы закрываюць нават у Кітаі, дзе пра экалогію асабліва не клапоцяцца. Берасцейскія ж улады абяцаюць новыя працоўныя месцы, а людзей больш хвалюе ўласнае здароўе, чымся чыесьці эканамічныя дывідэнды.
Жыхары Берасця кажуць:
«Я супраць, таму і стаўлю свой подпіс. І ўсе мае сябры супраць і буду агітаваць супраць. Таму што нельга забіваць свой народ. Народ корміць увесь урад, усіх чыноўнікаў, таму супраць народа нельга выступаць, цярпенне калі-небудзь скончыцца».
«Шмат подпісаў сабрала, бо людзі нават праз інтэрнэт даведваюцца і падыходзяць, кажуць спецыяльна прыехалі, каб пакінуць подпіс».
Для прыцягнення ўвагі да праблемы блогер Сяргей Пятрухін правёў адмысловы стрым на сваім ют’юбканале «Народны рэпарцёр», а неабыякавыя грамадзяне працягваюць распаўсюджваюць інфармацыю ў сацсетках.
«Мы хочам паўторныя грамадскія слуханні – гэта раз. І хочам паўторную, нармальную экалагічную экспертызу. Думаю гэтага рэальна дамагчыся, бо подпісаў сабрана дастатковая колькасць. Папярэдне ўжо сабралі 2 тысячы. Думаю за тыдзень дазбіраем, і 5-6 тысяч у нас будзе», – кажа сябар АГП Андрэй Кабанаў.
Петыцыю і копіі падпісных лістоў напрыканцы наступнага тыдня актывісты плануюць перадаць у Берасцейскі абласны савет дэпутатаў, мясцовы аблвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта і ў Палату прадстаўнікоў. Некаторыя мінакі палічылі, што падставіць свой подпіс – недастаткова, таму, каб далучыцца да справы, забіралі з сабою падпісныя лісты.
«Я дакладна ведаю, што вытворчасць акумулятараў – гэта шкодная вытворчасць і выкіды ў навакольнае асяроддзе. І я катэгарычна супраць гэтага», – кажа жыхар Берасця Яўген.
Жыхары супраць, чыноўнікі – за. І абяцаюць, апроч заводу для вытворчасці акумулятараў, у свабоднай эканамічнай зоне Берасця пабудаваць шэраг іншых прадпрыемстваў з кітайскім капіталам.