22 снежня 2024, Нядзеля, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомы сусветны паштовы сэрвіс абвясціў аўкцыён у падтрымку «Хартыі-97»

13
Вядомы сусветны паштовы сэрвіс абвясціў аўкцыён у падтрымку «Хартыі-97»
КІРАЎНІК PROTONMAIL АНДЗІ ЕН

ProtonMail праводзіць кампанію салідарнасці з Charter97.org.

ProtonMail - самы бяспечны ў свеце паштовы сэрвіс. Яго стварылі маладыя навукоўцы з Cern і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута. Гэта паштовы сэрвіс, які забяспечвае аўтаматычнае шыфраванне лістоў сваіх карыстальнікаў, таму ProtonMail можа быць добрым выбарам для тых, хто знаходзіцца ў «зоне рызыкі», у каго ёсць падставы баяцца сачэння і перахопу сваёй карэспандэнцыі: грамадзянскіх актывістаў, незалежных журналістаў, праваабаронцаў, палітыкаў, эколагаў.

Даведаўшыся пра блакаванне ў Беларусі сайта Charter97.org, кіраўніцтва кампаніі прапанавала сваю дапамогу. Пра гэта ў сваім лісце рэдактарцы сайта Наталлі Радзінай паведаміў кіраўнік ProtonMail д-р Андзі Ен.

У падтрымку «Хартыі-97» ProtonMail абвясціў аўкцыён на партале eBay на пажыццёвы акаўнт паштовага сэрвісу. Усе сродкі ад аўкцыёну будуць перададзеныя рэдакцыі сайта.

Дарэчы, такая форма падтрымкі - ідэальны варыянт для беларускіх бізнэсоўцаў, якія асцерагаюцца надаваць наўпроставую дапамогу сайту. Ваш рахунак на ProtonMail ніяк не будзе звязаны з «Хартыяй-97», а eBay не раскрывае звестак аб удзельніках аўкцыёну. Так што вырашайцеся, а мы будзем вам шчыра ўдзячныя.

Акрамя таго, на сайце ProtonMail быў апублікаваны артыкул пра галоўную рэдактарку Charter97.org Наталлю Радзіну:

- Наталля Радзіна кіруе сайтам навін, які карыстаецца найбольшым даверам у Беларусі, але нягледзячы на гэта, яна ўжо больш за сем гадоў не з'яўлялася ў краіне. Радзіна - кіраўніца і рэдактарка «Хартыі-97» - сайта, офіс якога знаходзіцца ў Польшчы, там жа, дзе яна вымушаная жыць у выгнанні. Яна не называе свайго дакладнага адрасу ў Польшчы, бо ёй усё яшчэ паступаюць пагрозы жыццю, якія зыходзяць ад беларускага дзяржапарату, кіраўніком якога з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка, вядомы таксама як «апошні дыктатар Еўропы».

Імкненне сумленна і без аглядкі асвятляць парушэнні правоў чалавека, карупцыю і злачынствы кіраўніцтва Беларусі вызначаюць жыццёвы шлях Радзінай. Гэта прынесла ёй павагу калег і ўзнагароды, у тым ліку Міжнародную прэмію за свабоду прэсы за 2011 год ад Камітэта абароны журналістаў. Гэта ж выклікае гнеў рэжыму Лукашэнкі, яе жыццё знаходзіцца ў небяспецы, што змушае жыць за межамі роднай краіны.

Наталля Радзіна была вымушаная бегчы з Беларусі пасля неадназначных прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Лукашэнка датуль ужо засяродзіў у сваіх руках велізарную ўладу, узяўшы пад свой кантроль тэлевізію, радыё і газеты, але перад выбарамі ягоны дзяржапарат быў гатовы і на больш жорсткія захады. 19 снежня 2010 года Лукашэнка быў пераабраны на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін падчас выбараў, якія экспэрты называюць фарсам. У дзень выбараў міліцыянты збілі і арыштавалі некалькіх апанентаў кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі. Неўзабаве Лукашэнка заняўся сваімі крытыкамі: Дзяржаўная служба бяспекі, якая ў Беларусі захавала савецкую назву «КДБ», арыштавала актывістаў, палітычных апанентаў і журналістаў, уключаючы Радзіну.

«Мяне арыштавалі ў рэдакцыі ў той момант, калі я пісала пра выкарыстанне грубай сілы супраць мірных дэманстрантаў. Арыштавалі ўсіх журналістаў і валанцёраў, якія былі ў рэдакцыі. Усіх іх пасадзілі на 15 дзён у турму, дзе на іх ціснулі і запалохвалі», - сказала Радзіна.

КДБ утрымліваў Радзіну ў турме амаль два месяцы. У суседніх камерах сядзелі былыя кандыдаты ў прэзідэнты і іх каманды. Жорсткае абыходжанне насіла сістэмны характар: мужчын збівалі і пакідалі без адзення халоднай беларускай зімой; жанчын утрымлівалі ў прамерзлых камерах, з імі абыходзіліся як са быдлам.

«Яны спрабавалі зламаць нашу волю і годнасць», - кажа Радзіна. Яе ўтрымлівалі ў поўнай ізаляцыі ў камеры без прыбіральні. Спажыванне вады было абмежаванае. «Турэмшчыкі прызнавалі, што яны гэта рабілі для таго, каб я ніколі не змагла мець дзяцей», - кажа яна.

Мэтай было прымусіць тых, хто сядзіць у турме, даносіць на іншых. Яна адмовілася. Праз два месяцы яе выпусцілі з турмы, але яе кашмар на гэтым не скончыўся. Рэжым Лукашэнкі выставіў ёй абвінавачванні паводле чатырох артыкулаў, уключаючы «арганізацыю масавых беспарадкаў». Ёй пагражаў пятнаццацігадовы турэмны тэрмін.

У Радзінай былі прычыны баяцца, што дзяржапарат так ці інакш зробіць так, каб яна замоўкла. За некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, 3 верасня 2010 года сузаснавальнік «Хартыі-97», яе кіраўнік і сябар Алег Бябенін быў знойдзены павешаным у сябе на лецішчы пад Менскам. Бябенін даўно быў мішэнню для Лукашэнкі і ягоных паслугачоў. У 1997 годзе невядомыя асобы выкралі яго і інсцэніравалі ягоны расстрэл. Пасля паспешлівага расследавання павешання ўлады прыйшлі да высновы, што гэта было самагубства. Радзіна не згодная з такой высновай. Яна паказвае на той факт, што ў Бябеніна былі гематомы на целе, што азначала барацьбу.

«Я ўпэўненая, што калі зменіцца сітуацыя, будзе праведзена належнае расследаванне і мы даведаемся, хто забіў нашага сябра», - кажа Наталля Радзіна.

Але нават страх за сваё жыццё не змог прымусіць яе з’ехаць зь Беларусі. Яна пакінула краіну толькі пасля таго, як КДБ стаў накіроўваць «куратараў» у рэдакцыі незалежных СМІ, што зрабіла сапраўдную журналістыку немагчымай.

«Я не магла прыняць такі сцэнар», - кажа Радзіна. «Праз два месяцы пасля таго, як мяне выпусцілі з турмы з абавязацельствам не пакідаць межы краіны, я збегла з Беларусі напярэдадні майго суда. Я не хацела працаваць на кароткім ланцужку ў спецслужбаў».

Пасля ўцёкаў у Польшчу Радзіна і «Хартыя-97» прадаўжаюць казаць праўду аб дзеяннях уладаў і дакладна асвятляць злоўжыванні, якія чыняцца кіраўніцтвам Беларусі. А гэта часцяком нялёгка. 24 студзеня гэтага года беларускія ўлады заблакавалі доступ да сайта Charter97.org. На сёння сайт даступны з Беларусі праз сэрвісы VPN, такія як ProtonVPN. Перад тым як улады пачалі кібер-блакаду, у сайта было, паводле звестак Радзінай, блізу двух з паловай мільёнаў унікальных наведвальнікаў на месяц. Цэнзура ўладаў знізіла гэтую колькасць да аднаго мільёна, але, тым не менш, сайт застаецца самым папулярным незалежным сайтам Беларусі.

«Беларусы актыўна выкарыстоўваюць VPN, TOR, ананімайзеры для абыходу блакавання сайта Charter97.org, што з'яўляецца довадам таго, што беларусы не вераць прапагандзе дыктатара і хочуць атрымліваць свабодную інфармацыю», - кажа Радзіна.

Нягледзячы на надзвычайную важнасць місіі «Хартыі-97», сайт перажывае цяжкія часы. Ва Усходняй Еўропе і постсавецкіх краінах значна скараціўся доступ да фінансавай дапамогі для незалежных інтэрнэт-СМІ.

«Сёння, праз значнае зніжэнне фінансавання само існаванне сайта «Хартыя-97» пад пагрозай», - кажа яна. Радзіна абяцае не здавацца.

У размове з намі па скайпе з маленькай кватэркі ў Польшчы (краіне, якая так блізка да дома, у які яна не можа вярнуцца) Радзіна дала ясна зразумець, што нягледзячы на пагрозы жыццю, турэмнае зняволенне, страту сяброў, выгнанне з роднай краіны, яна прадоўжыць сталае імкненне да праўды.

«Гэта вельмі важна, што каманда «Хартыі-97» змагла выжыць. Мы не здрадзілі нашаму сумленню, і мы не зламаліся», - кажа яна. «Мы захавалі вернасць нашым ідэалам. Гэта дарагога каштуе».

***

Нагадаем, 3 верасня галоўная рэдактарка Наталля Радзіна заявіла пра пагрозу працы сайта «Хартыя-97» праз рэзкае скарачэнне фінансавання і заклікала чытачоў да салідарнасці. Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках