Генадзь Фядыніч: Мы павінны даць адпор беззаконню ўлады
4- 1.02.2018, 21:15
- 19,376
Яшчэ не кожны здагадаўся, што дэкрэт №1 закране яго асабіста.
Лідар незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў «Белгазеце» прыняцце абноўленага «дармаедскага» дэкрэта.
- Дэкрэт аб «дармаедстве» юрыдычна і фармальна не скасаваны. Але з'яўляецца дэкрэт N1, які касуе выплату «падатку на дармаедства» і ўводзіць новую павіннасць для грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы. Што гэта азначае?
- Гэта «дасягненне» можна запісаць на адміністрацыю Лукашэнкі. А калі шчыра і адкрыта, у найноўшай гісторыі Беларусі не было выпадку, каб дэкрэт або ўказ правадыра быў скасаваны. Дэкрэт аб «дармаедстве» не скасаваны, мае права на існаванне, але замест яго нібыта для зняцця сацыяльнага напружання выдадзены дэкрэт N1. З юрыдычнага пункту гледжання абодва дэкрэты (усе дэкрэты і ўказы носяць часовы характар) маюць законную сілу.
- Ці здольны новы дэкрэт змякчыць сацыяльную напружанасць у грамадстве, спароджаную дэкрэтам аб «дармаедстве»?
- Змякчэнне адбываецца толькі ў тым плане, што дзяржава адмовілася ад спагнання збору на «дармаедства».
- Міністэрства падаткаў і збораў ужо абвясціла аб пачатку вяртання сабраных грошай, якія павінны быць вернутыя грамадзянам цягам месяца пасля падачы заявы.
- Вяртанне грошай грамадзянам - адзінае, што адрознівае дэкрэт N1 ад дэкрэта аб «дармаедстве». Паводле дэкрэта N3, усе хатнія гаспадыні з'яўляліся «дармаедкамі». Як новы дэкрэт змяніў статус жанчын, якія выхоўваюць аднаго, двух, трох дзяцей, а сям'ю ўтрымлівае муж? Сёння жанчыны застаюцца «дармаедкамі». Беспрацоўныя вайскоўцы паводле дэкрэта N3 таксама з'яўляюцца «дармаедамі». Бо новы дэкрэт выдадзены наўзамен дэкрэта аб «дармаедах», у ім павінна быць дакладна запісана: якія пункты дэкрэта N3 страцілі сваё дзеянне. Але ў новым дэкрэце пазначана толькі, што збор не будзе спаганяцца, а створаныя мясцовымі органамі ўлады камісіі будуць спрыяць працаўладкаванню. Аднак словамі людзей не падманеш.
- Ці могуць сёння органы занятасці (у нашым выпадку - камісіі, створаныя мясцовымі органамі ўлады) дапамагчы з працаўладкаваннем з годнай аплатай працы?
- Калі б маглі, то даўно ўжо зрабілі б, і не спатрэбіліся б дэкрэты. Сёння ў рэгіёнах няма годнай працы - хаця б на BYN500-600 (гэтая сума, прынамсі, не прыніжае годнасць чалавека, які працуе), у многіх рэгіёнах людзі не атрымліваюць заробак нават у суме мінімальнага спажывецкага бюджэту. Пра што мы ўвогуле гаворым?
- Пры рэалізацыі дэкрэта аб «дармаедстве» выдаткі толькі на рассылку «лістоў шчасця» склалі без малога $700 тысяч. Ніхто не кажа, у якую суму вылілася ўся кампанія барацьбы з «дармаедствам». Ці не атрымаецца ў выніку, што і ў першым выпадку выкінулі грошы на вецер, і ў другім выпадку грошы з дзяржбюджэту пойдуць кату пад хвост?
- Другая частка кампаніі аддадзена на водкуп рэгіёнаў, але, думаю, алгарытм дзеянняў застанецца ранейшым: грамадзянам паляцяць «лісты шчасця» з адзінай мэтай - выявіць месцазнаходжанне чалавека. Бо база звестак, якую спадзяецца сфармаваць урад, можа змяняцца кожны дзень: сёння чалавек на заробках у Расеі, Польшчы, Чэхіі, заўтра вярнуўся. Але на высвятленне становішча кожнай сям'і, кожнага грамадзяніна пойдуць грошы з дзяржбюджэту. Я думаю, што за неэфектыўнае выкарыстанне народных сродкаў, павінны панесці пакаранне чыноўнікі, якія пісалі дэкрэт N1, і той дзеяч, які падпісаў дэкрэт.
- Пералік грамадзян, якія патрапяць пад дзеянне дэкрэта N1, яшчэ трэба сфармаваць ураду; сумняваюся, што ён будзе меншым, чым у дэкрэце аб «дармаедстве»...
- Дэкрэт N1 будзе мець негатыўныя наступствы для вельмі многіх грамадзян. Проста яшчэ не кожны здагадваецца, што дэкрэт можа тычыцца яго асабіста. Мы чакаем пачатку красавіка, калі з'явіцца пералік катэгорый грамадзян, на якіх ускладуць 100-адсоткавую аплату дзяржаўных паслуг (медыцынскія, жыллёва-камунальныя паслугі). Мне вельмі шкада ўрад, які сам не можа разабрацца ў жыллёва-камунальнай хаосе, не можа растлумачыць сваю коштавую палітыку, але пры гэтым хоча ўвесці 100-адсоткавую аплату.
Прыклад. Сям'я жыве ў Менску, двое дзяцей, муж працуе ў Расеі па 15-20 дзён вахтавым метадам, прывозіць у краіну грошы. Сям'я плаціць за камунальныя паслугі, а муж - не: ён працуе ў Расеі. Думала ўлада пра такіх сем'ях?
Сёння ўлада імкнецца ўстанавіць татальны кантроль за занятасцю насельніцтва, а не забяспечыць грамадзян годнай працай з годным заробкам, уладу не цікавіць узровень жыцця людзей.
- Відавочна, масавай сацыяльнай незадаволенасці не пазбегнуць. Як грамадзянам абараняцца?
- Нічога новага не прыдумаю: алгарытм дзеянняў застаецца такім жа, як і пры рэалізацыі дэкрэта N3. «Шчасліўцы», яднайцеся: не толькі прафзвяз РЭП, але і іншыя арганізацыі гатовыя даць юрыдычныя кансультацыі. Мы павінны даць адпор беззаконню ўлады, асабліва на месцах. Вышэйшая ўлада (міністэрства, ведамства, урад, прэзідэнт) самаўхілілася, аддала на водкуп мясцовым уладам рэалізацыю дэкрэта N1. А потым скажуць: на месцах няправільна зразумелі. Усе ўсё выдатна зразумелі. Кожны дэкрэт і ўказ, які ставіць грамадзян у становішча просьбіта, раба, павінен быць скасаваны.