Леанід Свецік: «Хартыя-97» ахоплівае ўсё, што адбываецца ў Беларусі
2- 11.03.2018, 21:34
- 20,057
Людзі навучыліся абыходзіць блакаванне.
Пра гэта заявіў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік, каментуючы блакаванне Charter97.org на тэрыторыі Беларусі:
- Як праваабаронца я мяркую, што абмежаванне кожнага сродка масавай інфармацыі - гэта вельмі абуральная з'ява. Блакаванне «Хартыі-97» абмяжоўвае права грамадзян на распаўсюджванне і атрыманне інфармацыі, якая павінна быць даступная як мага большай колькасці людзей.
Хачу адзначыць, што такія дзеянні ўладаў - дзяржаўная палітыка. Відавочна, яны хочуць, каб у Беларусі было як мага менш незалежных СМІ. Такая практыка цягнецца з пачатку 90-ых гадоў, калі да ўлады прыйшлі людзі, якія і цяпер знаходзяцца ва ўрадзе. З таго часу пачаліся дзеянні абмежавання працы незалежных СМІ. Яны пачаліся ў Менску і паступова дайшлі да рэгіёнаў.
Цяпер, напрыклад, у Віцебску незалежных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі наогул няма. Ёсць некалькі сайтаў, якія можна залічыць у шэрагі незалежных, але ім працуецца вельмі цяжка.
Не сакрэт, што «Хартыя-97» - адзін з самых папулярных сайтаў, які з самага заснавання займаўся распаўсюджваннем праўдзівай, незалежнай інфармацыі. Сайт ахоплівае ўсе аспекты таго, што адбываецца ў Беларусі: эканоміка, палітыка, культурнае і сацыяльнае жыццё і гэтак далей.
Прычым Charter97.org асвятляе падзеі поўна, незалежна, не баючыся рэпрэсій з боку ўладаў. Таму ў сайта шматмільённая аўдыторыя, якая кожны дзень атрымлівае незалежную інфармацыю.
Хачу адзначыць, што мае знаёмыя, як і я, пераадолелі блакаванне сайта. Людзі вярнулі сабе магчымасць быць з «Хартыяй-97». Я, да прыкладу, запампаваў Tor, які дазваляе чытаць Charter97.org ў поўным маштабе.
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS