Марцін Угла: Патрэбны аналаг акту Магніцкага супраць тых, хто блакуе «Хартыю»
6- 17.03.2018, 11:57
- 28,162
Рэжым Лукашэнкі мае адчуць наступствы сваіх дзеянняў.
Пра гэта Charter97.org заявіў кіраўнік швэдскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, каментуючы праведзеныя на гэтым тыдні Дні Беларусі ў Швэцыі.
Сітуацыю з блакаваннем ў Беларусі сайта «Хартыя-97» абмеркавалі з удзелам галоўнай рэдактаркі сайту Наталлі Радзінай, палітычнага дарадцы міністра замежных спраў Швецыі Ёганса Дэнільсана і дэпутата парламента Швэцыі і былога кіраўніка працоўнай групы АБСЕ аб Беларусі Крысціяна Гольма на канферэнцыі ў Стакгольме, а таксама ў міністэрстве замежных спраў Швэцыі, куды таксама была запрошаная Наталля Радзіна.
- Я мяркую, што Дні Беларусі ў Швэцыі прайшлі паспяхова. Галоўным днём у праграме, па-мойму, стала канферэнцыя, у якой удзельнічалі журналісты, швэдскія чыноўнікі і палітыкі.
Закраналіся розныя тэмы, звязаныя з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку і блакаванне незалежных сайтаў. У гэтай сувязі абмежаванню доступу да «Хартыі-97» была нададзеная асаблівая ўвага, бо, з прычыны папулярнасці і значнасці рэсурсу, гэта стала не проста блакаваннем асобнага сайта, а маштабнай атакай на свабоду слова ў Беларусі.
У канферэнцыі ўзялі ўдзел супрацоўнікі МЗС Швэцыі. Па-мойму, яны досыць добра разумеюць праблему са свабодай слова ў Беларусі. Але хацелася б бачыць не толькі разуменне і шкадаванне, а больш актыўную рэакцыю і дакладныя дзеянні.
- І які менавіта мае быць гэтая рэакцыя?
- Павінны быць выказаныя канкрэтныя патрабаванні да ўлады Беларусі. Урад Швэцыі мае адкрыта і публічна патрабаваць разблакавання сайту «Хартыя-97». Патрабаванні да беларускага рэжыму варта перадаваць шчыра і публічна, каб яны былі чутныя для ўсіх і былі падхопленыя міжнароднымі СМІ.
Рэжым Лукашэнкі мае адчуць ціск на сябе і ўсвядоміць, што парушэнне свабоды слова прычыніцца да дырэктыўных наступстваў.
- Якія наступствы Вы маеце на ўвазе?
- Санкцыі, накіраваныя персанальна на тых людзей, якія парушаюць правы чалавека ў Беларусі. Цяпер некалькі дзяржаў прынялі акт Магніцкага. Думаю, што нешта падобнае, свой аналаг акту Магніцкага, мае быць прынятае ў дачыненні да тых людзей у Беларусі, якія парушаюць правы чалавека і бралі беспасярэдні ўдзел у блакаванні «Хартыі-97».
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS