Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка - дыктатар найгоршага кшталту
26- 5.04.2018, 8:05
- 75,061
Беларускі народ значна больш адукаваны за свайго правадыра.
2 красавіка Беларуская Асацыяцыя Журналістаў атрымала ад уладаў праект паправак да Закону аб СМІ. Інтэрнэт-выданні павінны будуць прайсці рэгістрацыю, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, якія пішуць каментары. Пасля блакавання «Хартыі-97», крымінальнага пераследу блогераў і рэпрэсій супраць незалежных журналістаў, улады надумалі ўстанавіць жорсткі кантроль над медыясферай і канчаткова знішчыць свабоду слова ў Беларусі.
У той жа час 28 сакавіка ўвайшоў у дзеянне дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які закліканы «на ўзмах чароўнай палачкі» ператварыць луканоміку, што раскідваецца, у гавань сусветнага ІТ-бізнэсу. Ці можа краіна, у якой пануе жорсткая цэнзура і блакуюцца незалежныя сайты, стаць лічбавай дзяржавай? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча:
- Я азнаёміўся з аналізам заяўленых паправак і экспэртным меркаваннем з гэтай нагоды. Калі яны будуць прынятыя - гэта проста жахліва. Але не варта здзіўляцца такім пастановам, рэжым павінен неяк сябе ратаваць. Усё вельмі проста: пасля блакавання «Хартыі-97» улады надумалі ўзяцца за ўсіх астатніх.
Мы маем справу з дыктатурай найгоршага кшталту, на чале якой знаходзіцца невук. Дарэчы, нелегітымны невук.
- Самы вялікі парадокс у тым, што ўсё гэта адбываецца на фоне заяў, што «Беларусь ператвараецца ў IT-дзяржаву», у «еўрапейскі Сінгапур».
- Людзі, якія выкарыстоўваюць такія параўнанні, не разбіраюцца ў сутнасці справы. Калі мы гаворым пра Сінгапур - гэта краіна з вельмі разнастайным насельніцтвам. Там акрамя муштры і жорсткіх пастаноў нічога б не спрацавала.
А Беларусь - гэта еўрапейская краіна з высокім узроўнем цывілізаванасці і адукаванасці насельніцтва. Ён нават вышэйшы за ўзровень цывілізаванасці «прэзідэнта».
Таму Лукашэнка толькі сілай можа ўтрымліваць сваю ўладу. Ён да гэтага імкнецца, бо іншым спосабам уладу не ўтрымае. Сістэма ж хістаецца. Трэба заткнуць рот тым, хто тлумачыць людзям праўду. А калі не заткнуць - то вельмі моцна прыціснуць. Улада напалоханая і займаецца актыўнай самаабаронай.
- Як павінна адрэагаваць міжнародная супольнасць?
- Беларусам трэба думаць пра тое, што яны могуць зрабіць самі, а не спадзявацца на міжнародную супольнасць. Безумоўна, яна павінна выказаць сваё меркаванне, але выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў.
Беларусам варта паглядзець на нашыя эканамічныя паказчыкі. Гэта самы красамоўны індыкатар эфектыўнасці гэтай улады.