Павел Левінаў прадаўжае змагацца за свабодны доступ да «Хартыі-97»
1- 16.05.2018, 14:48
- 22,521
Эканамічны суд Менска адмовіўся разглядаць скаргу на дзеянні Міністэрства інфармацыі.
Эканамічны суд адмовіў праваабаронцу Паўлу Левінаву ў разглядзе ягонай заявы аб прызнанні несапраўдным ненарматыўнага прававога акта Міністэрства інфармацыі Беларусі аб абмежаванні доступу да папулярнага незалежнага сайта Charter97.org, піша сайт Baj.by.
Павел Левінаў звяртаўся ў Эканамічны суд Менска ў красавіку гэтага года. Сваю адмову прызнаць несапраўдным ненарматыўны прававы акт Міністэрства інфармацыі Беларусі аб абмежаванні доступу да сайта «Хартыя-97» суд матываваў тым, што ён непадсудны гэтаму суду.
Юрыст Алег Агееў падкрэслівае, што гэты выпадак з'яўляецца добрай ілюстрацыяй таго, якія пункты павінны быць прапісаныя ў заканадаўстве аб СМІ.
19 красавіка так званая палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні скандальны законапраект, які прадугледжвае ўнясенне сур'ёзных змяненняў у заканадаўства аб СМІ. Але сярод прапанаваных змяненняў няма працэдуры абскарджвання блакавання сайтаў, маўляў, суды і так гэтым будуць займацца. Як бачым - не будуць.
«Павел Левінаў выкарыстаў усе механізмы абскарджання пастановы Мінінфарма аб блакаванні сайта «Хартыя-97». Аднак абедзве галіны судовай улады - агульны і эканамічны суд - адмаўляюцца разглядаць скаргу на пастанову Міністэрства інфармацыі аб блакаванні сайта. Таму важна, каб у законапраект, які разглядаецца цяпер, быў абавязкова ўключаны механізм абскарджання», - кажа Алег Агееў.
Віцебскі праваабаронца і сябра ГА «БАЖ» Павел Левінаў мяркуе, што заблакаваўшы сайт Charter97.org, дзяржава парушыла ягонае права на атрыманне інфармацыі. Менавіта таму сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравала скаргу на пастанову Міністэрства інфармацыі ў суд. 8 лютага суд Цэнтральнага раёна Менска адмовіў Левінаву ў распачынанні справы ў сувязі з нібыта непадсуднасці справы суду.
Затым 29 сакавіка Менскі гарадскі суд разглядаў скаргу на гэтую пастанову. Віцебскі праваабаронца яшчэ раз патлумачыў цяпер ужо вышэйшаму суду свае довады. Да разгляду справы далучылася і Беларуская асацыяцыя журналістаў, прадстаўнік якой выказаў меркаванне грамадскасці. Пазіцыя арганізацыі ў гэтай справе адназначная: дзяржаўны орган абмежаваў права грамадзяніна на атрыманне інфармацыі з сайта «Хартыя-97», таму грамадзянін павінен мець права абскардзіць гэтую пастанову.
Аднак ні довады Паўла Левінава, ні пазіцыя ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» не былі пачутыя - суд адмовіў у задавальненні скаргі.
24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS